У Слуцку — помнік слуцкім ткачыхам

0

У Міжнародны дзень музеяў, 18 сакавіка, культурна-асветніцкі клуб «Спадчына» у Доме літаратара ў Мінску прэзентаваў праекты помнікаў Францішку Багушэвічу і Альгерду Абуховічу-Бандынэлі. «Спадчына» мае намер усталяваць памятныя знакі ў Слуцку з нагоды 165-угодкаў з дня нараджэння заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Акрамя таго, сёлета ў Слуцку, магчыма, з’явіцца і помнік слуцкім ткачыхам.

Адначасна з мадэлямі помнікаў адбылася прэзентацыя мастацкага партрэта Альгерда Абуховіча-Бандынэлі, які па заказу «Спадчыны» выканаў вядомы беларускі мастак Алесь Цыркуноў. Па яго словах, такім чынам ён ушанаваў памяць Абуховіча-Бандынэлі, як беларускага літаратара і паўстанца — актыўнага ўдзельніка вызваленчага руху пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Акрамя таго, асоба пісьменніка цікавая і тым, што ён быў нашчадкам прадстаўнікоў двух радоў - беларускай шляхты са Случчыны і старажытнага італьянскага роду. Па словах аўтара, усё гэта і знайшло адлюстраванне на партрэце.
Помнікі Абуховічу-Бандынэлі і Францішку Багушэвічу ўяўляюць сабой барэльефы, якія будуць замацаваныя ў буйных валунах. Гэтак сама будзе выглядаць і помнік слуцкім ткачыхам, але з той розніцай, што на барэльефе змешчаныя дзве жаночыя постаці і ткацкі станок. Аўтар ідэі, кіраўнік клубу «Спадчына» Анатоль Белы, мае вялікія спадзяванні, што ўсе тры помнікі будуць усталяваныя ў Слуцку ўжо сёлета.
Па словах Анатоля Белага, неўзабаве яго прыватны музей у Старых Дарогах, дзе ўсталяваны каля двух дзесяткаў помнікаў вядомым дзеячам гісторыі і культуры Беларусі, таксама папоўніцца новымі мэмарыяльнымі знакамі. На сёняшні дзень прыватны музей у Старых Дарогах мае ў экспазыцыі 1700 твораў жывапісу, графікі і скульптуры. У 2003 годзе ён быў зарэгістраваны ў штаб-кватэры ЮНЭСКА.

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии