Апошні таліцкі «магіканін»

0

Ён чакаў мяне ля брамкі, у зімовай шапцы і ватоўцы, ветлівы і гасцінны, нават малажавы з твару, калі ўлічваць, што Паўлу Лявонцьевічу Кернажыцкаму ўжо 84 гады. Нават пры першым позірку на яго ладны дом на краю вескі, на агорнутыя саломай ад набегаў зайцоў ствалы яблынь і груш, на тузін пчаліных домікаў у садзе, я зразумеў, што тут дбайны гаспадар, для якога зямля-матка і ўсе, што расце на ей, дорага і блізка.
Пасля смерці жонкі ён жыве адзін. У двары надзейны і верны сябар — сабака на прывязі, вартаўнік падворку. Родная веска Таліца пасля вайны была абжытай, як і суседнія. Тут налічвалася каля дваццаці дамоў, за аселіцай стаяў клуб, дзе круцілі кіно. Нават магазін быў. І пачатковая школа ў суседняй весцы. Сення тут уцалела мо з дзесяць дамоў, ды і тыя пустуючыя, калі не лічыць шасці, куды з вясны да позняй восені наязджаюць на легкавіках дачнікі, пераважна дзеці ці ўнукі памерлых талюкоў. Ды ў адной хаце атабарыліся нейкія нарыхтоўшчыкі дроў з блізкага лесу, але і яны зімой паяўляюцца зрэдку, і гудзенне іхняй машыны ўносіць нейкі дысананс у маркотную цішыню апусцелай вескі. Ды раз ці два на тыдні, калі дарога расчышчана ад снегу, сюды наязджае аўталаўка, і Павел Лявонцьевіч спяшаецца купіць хлеба, кавалак каўбасы, сыру, іншых малочных прадуктаў, бо пасля смерці жонкі сваю карову ен збыў - няма ўжо сілы трымаць яе, забяспечваць сенам. Год таму ў Таліцах, акрамя Паўла Лявонцьевіча, жыла яшчэ адзінокая пенсіянерка гадоў за семдзесят, хворая, але рухавая і прывязаная да агароду. Нават аднойчы з суседняй вескі да яе ў прымы прыйшоў мужчына, таксама ўдавец, ветэран вайны, і яны ўдваіх пражылі мо з паўгода. А на зіму, калі той жанчыне стала горш са здароўем, яе забрала да сябе ў горад дачка, і грамадзянскі шлюб распаўся.

Пасля гэтага Павел Лявонцьевіч і стаў апошнім з магіканаў у сваей весцы. Насупраць яго дому чарнеюць рэшткі колішняга клуба, крыху далей, на высокай ліпе, — буслоўка, на яе летась ужо не садзіліся буслы — мусіць, палічылі веску бязлюднай, а птушкі гэтыя спрадвеку прывязаны да людзей. Калісьці мая бабуля наконт гэтага гаварыла: «Так Богам наканавана
Я прашу Паўла Лявонцьевіча расказаць пра яго ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне.
— Застала яна мяне ў весцы Кутнеў Салігорскага раена, дзе я і нарадзіўся. У 42-м годзе сталі ў веску прыходзіць ноччу партызаны. Адзін і кажа неяк: «Давай, прыходзь да нас. Разам будзем біць акупантаў і іх пасобнікаў - паліцаяў». Ну, я, доўга не думаючы, пайшоў з імі, прыхапіўшы прыхаваную з першых дзен вайны вінтоўку, якую знайшоў у жыце ля дарогі. Трапіў у атрад Плышэўскага брыгады Далідовіча. Хапіла ліха. Зведаў і голад, і холад, і баі з карнікамі. Даводзілася ляжаць у балоце пад абстрэлам нямецкіх мінаметаў, піць іржавую ваду, есць прамерзлыя за зіму журавіны на купінах. А як вярнулася Чырвоная Армія, мяне і іншых партызанаў накіравалі на папаўненне парадзелых у баях стралковых палкоў. Нас ніхто не абучаў, як трэба весці бой ва ўмовах фронту. Камандзіры нам, былым партызанам, адразу сказалі: адсядзеліся вы, хлопцы, у тыле немцаў, а цяпер для вас будзе сапраўдная вайна. Праз некалькі дзен, атрымаўшы аўтаматы ППШ і гранаты, пайшлі фарсіраваць раку Буг ля Брэста. За знішчэнне куляметнай кропкі атрымаў медаль «За баявыя заслугі». А праз пару дзен ад выбуху снарада мяне параніла ў нагу, кантузіла. У шпіталі лячыўся не адзін месяц. Пасля вайны вярнуўся ў сваю веску, ажаніўся, радзіліся дзеці. А жыць было ой як цяжка: ні дроў, ні торфу, ні сенакосу паблізу. Бедавалі, як і ўсе, — за пустыя працадні. А тут падвярнулася ўдача: даведаўся, што ў весцы Таліца на Случчыне прадаецца хата. Купіў яе, пераехалі і сталі жыць з вялікай радасцю, бо паблізу былі і лес, і сенажаць, і зямля ўрадлівая, а галоўнае — побач былі шчырыя і дабразычлівыя людзі. Але дзеці падраслі і раз’ехаліся па гарадах. Сын Мікалай у Слуцку, працуе на цукровым камбінаце. Другі сын — у Салігорску, працуе на першым калійным. Дачка працавала на чацвертым калійным. Сама ўжо летась пайшла на пенсію. Але мяне не забываюць. Радасць маю і ад таго, што я ўжо не толькі дзядуля пяці ўнукаў, але і прадзядуля чатырох праўнукаў. Хібы ж гэтым не ганарыцца кожны чалавек майго ўзросту?
Павел Лявоцьевіч яшчэ не кідае і свайго даўняга занятку — пчалярства. Як прыйдзе вясна і пчолы стануць пакідаць вуллі ў пошуку ўзятку на першых кветках, сэрца яго напаўняецца радасцю і надзеяй, што яшчэ не ўсе ў гэтым жыцці страчана. Гудзенне пчолаў пад вокнамі -самая мілагучная для яго музыка.
Я часцяком пазваньваю яму па тэлефоне, цікаўлюся настроем, здароўем, і ен заўседы вельмі ўдзячны за гэта, бо калі быць адзінокаму ў пустой весачцы ўзбоч лесу, то можна адчуваць сябе і Рабінзонам.
Я кіруюся запаветам мудрага біблейскага Саламона: «Калі ты за прайшоўшы дзень не сказаў нікому добрага слова, то лічы, што пражыў яго дарма». Варта заўседы не забываць кожнаму пра гэта.

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии