Сегодня вторник, 12 декабря +5
    История

    Спалены суд у Слуцку і зламаны лёс паэта. Гісторыя Генадзя Гапановіча

    ЛІПЕНЬ1962 ГОДА. Генадзь Гапановіч у Слуцкім народным тэатры.
    ЛІПЕНЬ1962 ГОДА. Генадзь Гапановіч у Слуцкім народным тэатры. Фота з архіва газеты «Кур'ер»
    • Новые объявления
    • СДАМ 1-комн. квартиру, г. Слуцк, ул.8 Марта, без мебели. т.(8 029) 105 81 70

      СДАМ в аренду обустроенное рабочее место парикмахера в центре г. Слуцка. ИП Марачковская Л.А. УНП 691 977 041 т.(8 044) 746 95 35

      СДАМ гараж в р-не 1 в/г. т.(8 029) 341 64 67

    Генадзь Гапановіч — адметная фігура ў культурным жыцці Слуцка. На жаль, з-за трагедыі, якая адбылася ў 1967 годзе, яго імя ўзгадваюць толькі ў адмоўным ключы. Але ж да таго, як здарыліся тыя жудасныя падзеі, гэты чалавек паспеў зрабіць шмат добрага для случчан.

    1960-я гады для Слуцка — час станаўлення і будаўніцтва. У гэты перыяд горад канчаткова паўстаў з пасляваеннага разбурэння, развіваўся. Будаваліся і раслі прадпрыемствы, у розных сферах адбываліся змены да лепшага. У гэта вялікі ўклад унеслі людзі, асабліва маладое адукаванае пакаленне — маладыя энтузіясты, поўныя энергіі і веры ў шчаслівую будучыню, гатовыя працаваць і знаходзіць новыя шляхі вырашэння праб­лем. Гэта было пакаленне інтэлігентаў з агнём у вачах.

    Чалавек з вялікімі амбіцыямі

    Да такіх належыў і Генадзь Аляксеевіч Гапановіч. У свае 28 гадоў - дэпутат гарадскога Савета, загадчык аддзела культуры гарвыканкама.

    З успамінаў Алены Кім, жонкі Гапановіча, у канцы 1960-х — загадчыцы Слуцкай раённай бібліятэкі: «Генадзь часта на працягу года ездзіў у Мінск на прыём да старшыні аблвыканкама. Тады любая будоўля, калі яна не была ўключана ў пяцігадовы план, нават не разглядалася. А бібліятэка ў Слуцку была „ахавая“ — стары драўляны будынак на горцы, дзе стаіць Дом культуры. Там была такая цесната! Нават самі чытачы абураліся. А Гапановіч „выбіў“ дазвол і ўключэнне будоўлі бібліятэкі ў планы пяцігодкі. Прычым праект гэтай бібліятэкі адпавядаў праекту абласных бібліятэк».

    Па ўспамінах сучаснікаў, Генадзь Гапановіч быў вельмі творчым маладым чалавекам. Ён скончыў Свярдлоўскую культурна-асветніцкую школу, пісаў вершы, якія друкаваліся ў раёнцы, выконваў ролі ў народным тэатры, іграў на музычных інструментах.

    Таксама ўспаміналі, што Гапановіч быў абаяльны і прыгожы, заўсёды элегантна апрануты. Хтосьці казаў, што ён «занадта высока сябе ставіў». Але добра вядома, што ўсім падабацца немагчыма.

    Па словах Алены Кім, у Гена­дзя Аляксеевіча былі вялікія амбіцыі — ён збіраўся заслужыць пасаду ў Міністэрстве культуры. Але ўсе надзеі, планы, а таксама павага землякоў зніклі ў адзін дзень.

    В тему: Слуцкий суд: до и после трагедии

    Абвінавачанне ў забойстве

    Ранкам 9 красавіка 1967 года супрацоўнік Слуцкай міліцыі Генадзь Назыраў ішоў у райаддзел праз гарадскі парк. Там ён і ўбачыў труп мужчыны, які ляжаў метры за чатыры ад фантана. На забітым з вопраткі былі толькі споднікі, побач ляжала палка таўшчынёй з руку.

    Забіты — Аляксандр Нікалаеўскі — малады чалавек, якога бачылі напярэдадні ў горадзе ў нецвярозым стане. Вечарам 8 красавіка ён апынуўся ў пад`ездзе дома каля парку. У гэтым пад`ездзе жыў Гапановіч са сваёй жонкай і маленькім дзіцем. Генадзь, яго сваяк Леанід Сыцько і жонка Сыцько ў той час вячэралі, падчас вячэры выпівалі.

    Генадзь пасварыўся са сваёй жонкай. Яна вый­шла ў пад`езд, убачыла Нікалаеўскага, падняла крык. Выбег Гапановіч, а за ім — Сыцько.

    У пад`ездзе завязалася бойка. Па паказаннях трох непаўнагадовых сведак, Гапановіч і Сыцько сцягнулі Нікалаеўскага па лесвіцы ўніз і выпхнулі ў двор. Што было далей — невядома. Але на наступны ранак хлопца знайшлі забітым. Наконт прычын смерці ў народзе існуе шмат версій. Дзесьці пішуць, што ў Аляксандра ад пабояў адкрылася язва, якую ён да гэтага лячыў у бальніцы. Дзесьці — што ён памёр ад нейкага асаблівага ўдушэння. Па меркаванні следства, родных забітага і некаторых іншых случчан, нанесеныя пабоі былі такімі жорсткімі, што Нікалаеўскі іх проста не вытрымаў. Гэтую версію абвяргаюць родныя і староннікі Гапановіча, якія сцвярджаюць, што інтэлігентны Генадзь проста не ўмеў як след біцца. Да таго ж мёртвага распранулі, а Гапановічу — не апошняму ў горадзе чалавеку і франту — не здалася вопратка простага працаўніка.

    Ранее: «Огненный самосуд толпы». 12 октября 1967 года, в Слуцке произошло невероятное по советским меркам событие. Разъярённая толпа сожгла здание народного суда. В огне погибла судья Алексеева, а спустя некоторое время в больнице скончался ещё один пострадавший — старший лейтенант милиции Татур. 80 военнослужащих и сотрудников милиции получили различные телесные повреждения. Местная власть и милиция потеряли на некоторое время контроль над ситуацией, позволив толпе творить бесчинства.

    Суд і плёткі

    Суд над Гапановічам і Сыцько пачаўся 10 кастрыч­­ніка. Да той пары ў горадзе ўжо распаўсюдзіліся чуткі, якія настроілі многіх супраць Гапановіча. Гаварылі, што яго бацька ў вайну быў паліцаем, а бацька Нікалаеўскага — партызанам, што паміж іх сем`ямі кроўная варожасць. Таксама гаварылі, што брата Нікалаеўскага, які раней загінуў (выпаў з акна інтэрната ў Мінску), забілі родныя Гапановіча.

    Але чуткі пра «паліцая» не былі праўдзівыя, бо Гапановіч-старэйшы, які меў шэсць дзяцей (Генадзь самы малодшы), калі пачалася вайна, трапіў у тыл, у Тулу, дзе і пражыў да 1944 года, пакуль не была вызвалена Беларусь.

    Чуткі былі мацнейшыя за праўду. Каля Слуцкага суда, які тады месціўся ў драўляным будынку па вуліцы Валадарскага (зараз М. Багдановіча) сабраўся варожа настроены натоўп. Людзі былі ўпэўненыя, што ўлада хоча апраўдаць свайго — камуніста, забойцу, «паліцаевага» сына.

    Суд працягваўся тры дні.

    Людзі патрабавалі адкрытага суда, некаторыя праваахоўнікі пачалі прасіць уладу зрабіць пасяджэнне ў гарадскім Доме культуры. Але першы сакратар райкама партыі Зелянкевіч адмовіў, бо лічыў, што справа бытавая і ўвагі асаблівай не заслугоўвае.

    12 октября 1967 года. 18.30

    Фатальны дзень

    Супраць хуліганаў быў скарыстаны слезацечны газ. Калі з-за газу людзі адступілі ад будынка, з яго ўдалося вывесці Гапановіча і Сыцько. Іх пасадзілі ў аўтазак і павезлі ў Мінск.

    12 октября 1967 года. 22.00
    Хутка натоўп ачуняў і яшчэ больш раззлаваны кінуўся на вайскоўцаў, на будынак. Некалькі байцоў былі пакалечаныя, шмат — параненыя. Ачапленне прарвалі. Людзі ўварваліся ў суд. Яны лічылі, што падсудзімыя яшчэ там. З другога паверху пылаючага будынка скочылі тры міліцыянеры. Дваіх з іх адпусцілі. А трэцяга — Станіслава Татура — прынялі за Гапановіча (бо ён быў на яго падобны) і зверскі пабілі. Ад пабояў міліцыянер памёр у бальніцы. На другім паверсе суда згарэла старэйшая суддзя Галіна Аляксеева.

    Гапановіча і Сыцько прывезлі ў Мінск.

    Утро 13 октября 1967 года
    З успамінаў Алены Кім: «У Мінску іх ужо не судзілі. Прыйшоў адвакат і сказаў: „Вам дадуць 10 гадоў, але вы будзеце сядзець 3 гады“. Ніякага пасяджэння суда не было. І сапраўды — нават не было трох гадоў, як ён адсядзеў, і яго накіравалі на вольнае пасяленне ў Дзяржынск».

    Ранее: Слуцкая трагедия: причины и уроки

    Жыццё пасля суда

    Генадзь Гапановіч, калі асеў на пасяленні ў Дзяржынску і атрымаў кватэру, запрасіў жонку да сябе. Але яна адмовілася ехаць, развялася з ім і выйшла замуж за іншага.

    Пасля Дзяржынска Гапановіч працягнуў сваю адукацыю і культурную дзейнасць. Ён скончыў Даўгапілскае аддзяленне журналістыкі Рыжскага ўніверсітэта, курсы рэжысуры пры Міністэрстве культуры Беларусі. Жыў у Баранавічах.

    У 1982 годзе звязаў жыццё са сваёй знаёмай — случчанкай Аленай Кім.

    Творы Генадзя Гапановіча друкаваліся ў газетах «ЛіМ», «Звязда», «Чырвоная змена», «Наша слова» і шмат іншых. У Баранавічах ён быў кіраўніком літаб`яднання.

    Пасля смерці Гена­дзя Гапановіча вялікая колькасць рукапісаў і вершаў захоўваецца ў яго сям`і. Некаторыя з іх будуць на­друкаваныя ў зборніку, які рыхтуюць да выдання родныя Гапановіча.


    Кастусь Каліноўскі

    Мужыцкая праўда
    Жыла i мужнела,
    I гнеў у народзе,
    Як гром, нарастаў.

    Кастусь Калiноўскi,
    Ты горда i смела
    Змагацца за праўду
    Народ свой падняў.

    Кастусь Калiноўскi,
    Твае адгалоскi
    У песнях сягоння
    Набатна гучаць.

    Кастусь Калiноўскi,
    Паўстанцаў галоскi
    У сэрцах стагоддзяў
    Жывымi звiняць.

    Рванулася сэрца —
    I песня паўстання
    За волю народа
    З народам пайшла.

    Гарэла i гасла
    У буры змаганняў
    I сонечна-ясны
    Нам дзень прынясла.

    Квiтнейце, абшары,
    Жывыя палоскi
    I песню вазьмiце
    З сабой у вякi,

    Каб добрую славу
    Тваю, Калiноўскi,
    Заўсёды ў сэрцах
    Няслi землякi!

    Генадзь Гапановіч

    Этот материал был опубликован на странице 6 печатного номера газеты «Інфа-Кур’ер» №41 (871) от 12 октября 2017 года.
    Все публикации