Сегодня пятница, 20 октября +9
    Самиздат

    Успаміны аб маіх настаўніках

    Малюнак: Вера Шут
    • Новые объявления
    • ГАРАЖ в ГК 7 (12 в/г), 4×9, свет, подвал, яма — 4000 руб. т.(8 029) 304 09 44

      ГАРАЖ в ГК «Виленский». т.(8 029) 621 47 00

      ГАРАЖ в ГК «Майский посад», 6.1×4.5 м, возле въезда. т.(8 029) 636 56 60

    З усяго пражытага жыцця часцей за ўсё ўспамінаецца чамусьці дзяцінства, навучанне ў школе, вучні, настаўнікі. Фотаздымак настаўніцкага калектыву Вялікараёўскай сярэдняй школы захоўваецца ў мяне да гэтага часу, на адваротным баку якога ёсць надпіс «Май 1956 г.», зроблены маім бацькам.

    Я часта бяру гэтае фота ў рукі і ўспамінаю школьныя гады, сваіх настаўнікаў.

    Зразумела, што гэта без усялякай зламыснасці і злараднасці. Наадварот, я ўспамінаю пра іх з вялікай павагай і пяшчотай.

    Вось Шукевіч Адам Тадэвушавіч, выкладчык нямецкай мовы, паляк па нацыянальнасці. У яго заўсёды ў штанах ззаду была маленькая дзірачка, праз якую віднелася сподняе. Калі ён праходзіў па радах уздоўж парт, хтосьці з вучняў у гэтую дзірачку ўстаўляў саломінку і яна віляла з боку ў бок пры хадзьбе. Клас рагатаў, а настаўнік, ведаючы, чыя гэта работа, браў вучня за каўнер і крычаў: «Стань у вугаў». Палякі, як вядома, пры размове замест гука «л» вымаўляюць «ў» або «в». Але шалапут і ў вуглу працягваў грымаснічаць. Тады Адам Тадэвушавіч крычаў: «Выйдзі з кваса».

    Адным словам, здзеква­лі­ся, дурні, вы­ка­рыс­тоў­ваючы яго не­дахопы. Трэба сказаць, ён быў мала прыстасаваны да жыцця. Па­мятаю, як Адам Тадэ­ву­шавіч пытаў у майго бацькі, гледзячы на кола матацыкла: «Барыс Герасі­мавіч, а чаму спіцы такія тонкія, а не гнуцца?»

    Быў у нас яшчэ адзін цікавы, на мой погляд, настаўнік — Ляш­кевіч Уладзімір Якаў­левіч, выкладчык хіміі. Нізенькі, гарбаты. Вельмі любіў прыроду, паляванне з фотаапаратам. Павесіць на шыю дробнакаліберную він­­тоў­­ку (хоць ні ра­зу з яе не стрэліў), бі­нокль, фота­апарат і блу­кае па наваколлі.

    Вёў ён вельмі сціплае жыццё. Памятаю, у краме купляў дробку камсы, сядаў на прыступках крамы і абедаў. Дзіўны быў чалавек. Аднойчы папрасіў ён майго бацьку, каб той палячыў яму радыкуліт пчоламі (ён быў заўзяты пчаляр). Тата яму жартам сказаў: «Здымай парткі і выстаўляй зад пад ляток». Ён так і зрабіў. Пчолы абляпілі яго ўсяго і так далі, што ён заблытаўся ў сваіх партках, упаў у разору і столькі нарабіў крыку, што бацька схапіў бярозавы венік, вядро з вадою і пабег яго ратаваць.

    Хочацца рас­па­вес­ці і пра сваіх бацькоў, таксама настаўнікаў. Тата быў выкладчыкам фізікі, маці — матэматыкі у той жа Вялікараёўскай школе.

    З вялікай павагай да свайго бацькі адносіўся не толькі я, але і ўсе вучні. У тыя часы наглядных прыстасаванняў у школе амаль не было, бацька многія рабіў сам. Памятаю такую прыладу, як перыскоп, «мёртвую пятлю» і многае іншае.

    У той час у вёсцы не было электрычнасці, і бацька неяк угаварыў дырэктара набыць для школы генератар. Колькі ва ўсіх было радасці і захаплення, калі ў класах замест керасінавых лямп загарэліся электрычныя!

    Маці вельмі добра ведала матэматыку і выкладчыцкую справу і неаднойчы ўдзельнічала ў конкурсах і мерапрыемствах на розных узроўнях. Бацьку ў 1957 годзе прысвоілі званне «Ганаровы настаўнік БССР».

    Успаміны, успамі­ны… У тыя гады класы былі пе­ра­поўнены. У Вя­лі­караёўскую шко­лу хадзілі вучні з шасці навакольных вёсак. У асноўным гэта былі пераросткі: вайна не дазволіла ў свой час скончыць школу, таму многім выпускнікам было амаль за дваццаць. Яны ўжо добра разумелі жыццё, адносіліся да навукі і да настаўнікаў з павагай. Памяталі пра сваіх настаўнікаў і пасля заканчэння школы.

    Успамінаецца такі вы­падак. Выпускнік Вя­лі­караёўскай школы Міхаіл Шумілін, калі стаў знакамітым кампазітарам, прыехаў у вёску да сваіх землякоў і прывёз бочку піва. Паставіў яе на ганак крамы і частаваў усіх. Тады ён гасцяваў у маіх бацькоў з тыдзень. На жаль, Шумілін рана пайшоў з жыцця. Яшчэ б столькі песень мог напісаць.

    Іншы раз так хочацца вярнуцца ў тыя часы. І не для таго, каб нешта выправіць, а каб пабачыцца з тымі, з кім вучыўся і хто мяне вучыў.

    Этот материал был опубликован на странице 28 печатного номера газеты «Інфа-Кур’ер» №40 (870) от 5 октября 2017 года.
    Все публикации