Культура

Выстава «Пералівы гліняных мелодый» адкрылася ў музеі Салігорска

Уладзімір Амяльчэня | 19 мая 2017 в 14:40
Мікалай Пратасеня: майстар, мастак і педагог
Мікалай Пратасеня: майстар, мастак і педагог Фота: Уладзімір Амяльчэня

Музей даўно не бачыў у сваіх пакоях столькі народу, як на гэтай выставе 18 мая. Выставу ладзіў народны майстар, педагог, кіраўнік студыі «Скарбонка» Мікалай Пратасеня.

За 34 гады, якія правёў Мікалай Аляксеевіч у гэтай студыі, ён выхаваў не аднаго майстра па ганчарнай справе, а саму студыю зрабіў брэндам Салігорска ў галіне ганчарных вырабаў.

Да яго едуць павучыцца з многіх рэгіёнаў Беларусі, ды і сам ён не цураецца вопыту і майстэрства майстроў Расіі, Украіны.

За гэты час ён адрадзіў загубленыя за апошняе стагоддзе многія тэхналогіі ганчарнай вытворчасці. Яго вырабы раз’ехаліся па свеце — як у Індыю, так і на Захад.

Гэта выстава прысвячалася Міжнароднаму дню музеяў, а таксама 60-гадоваму юбілею майстра.

За сваю руплівую працу Мікалай Пратасеня ўзнагароджаны падзякай старшыні райвыканкама, мае шмат узнагарод міжнародных конкурсаў.

Ганаровая падзяка ад старшыні райвыканкама

«Лічу вышэйшай узнагародай кветкі ад сваіх навучэнцаў, якія дабіліся ў сваім жыцці поспехаў, а таксама ад бацькоў тых дзяцей, якія вучыліся і вучацца ганчарнай справе сёння», — сказаў юбіляр карэспандэнту газеты «Кур’ер».

Выставу цікава наведаць, падзівіцца глінянымі вырабамі мастацкай каштоўнасці і задумацца, які пласт народнай прыкладной культуры зберагае для сваіх нашчадкаў майстар, мастак і педагог.

Узнагарода — Чырвоны пояс ад калег па цэху.Уладзімір Амяльчэня
Наведвальнікі фатаграфавалі вырабы
«Падрасту і прыйду да вас», — сказаў хлапчук і падарыў кветкі

Выбор редакции

Мікалай Пратасеня са сваімі выхаванцамі
Самое популярное
Все публикации