Вокруг нас

Чаму немцы як персікі, а беларусы нібы кавуны. Якой уяўляла Беларусь дзяўчына з Германіі

Галіна Судніковіч, rh.by | 27 апреля 2017 в 08:16

Пасля заканчэння школы ў нямецкіх дзяцей ёсць два шляхі: альбо паступаць ва ўніверсітэт, альбо падарожнічаць. 19-гадовая немка Мірыям Кузьменка вельмі хацела трапіць у іншую краіну, аднак на гэта не было грошай. Вырашыла падаць заяўку на адну з валанцёрскіх праграм.

Да кандыдатаў быў шэраг патрабаванняў: добры атэстат, удзел у разнастайных мера­прыемствах, выкананне творчага задання. Мірыям вучылася добра, у школе ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах, у інтэрнацыянальных конкурсах, вывучала французскую, нямецкую мовы, лаціну, іўрыт. Хвалявалася толькі за творчае заданне. Але і з гэтым справілася. Яе кандыдатуру выбралі для працы ў Беларусі.

Меркавала, што будзе працаваць у Мінску, бо іншых гарадоў, акрамя Гомеля і Віцебска, не ведала і нават не чула.

— Калі сказалі, што паеду ў Маладзечна, разгубілася, што яшчэ за Маладзечна? — расказвае Мірыям. — Паглядзела ў інтэрнэце, вельмі спадабаўся горад, акуратны, дагле­джаны, а самае галоўнае — невялічкі, як мой родны Хільдэн.

Дзяўчына прызнаецца, што баіцца перамен, аднак не ў гэтым выпадку.

— Ведала, што ў краіне пераважна размаўляюць па-руску, — адзначае дзяўчына. — Мая руская мова не самая лепшая, аднак не хвалявалася, што будуць праблемы ў камунікацыі. Часам нават хавала, што разумею па-руску. Аднойчы ехалі з сябрам на маршрутцы, пад­час дарогі размаўлялі па-нямецку, выйшлі ў Маладзечне, падышоў незнаёмец і прапанаваў правесці экскурсію па горадзе. Спачатку думаў, што мы прыехалі не туды, якія немцы ў Маладзечне? Аднак усё патлумачыла.

Перажывала, хаця б матрац далі

Ва ўяўленні дзяўчыны Беларусь падавалася не сучаснай краінай.

— Меркавала, што ўмовы пражывання будуць не самымі лепшымі, — дзеліцца ўяўленнямі немка. — Спадзявалася, што дадуць хаця б матрац, каб спаць. Калі ж пашчасціць, магчыма, у пакоі будзе ложак, а на падлозе дыван савецкага ўзору. Меркавала, што жыць буду ў бабулькі альбо з адным з валанцёраў. Вельмі здзівілася, калі ўбачыла, што Беларусь ідзе ў нагу з часам, а ў большасці дамоў няма савецкіх дываноў.

Беларусы як кавуны, немцы як персікі

Кінулася замежнай госці тое, што беларускі вельмі яркія ў адзенні і шчырыя ў зносінах.

— Калі параўноўваць беларусаў і немцаў, то першыя больш падобныя да кавуноў, — зазначае Мірыям. — На вуліцах яны вельмі заглыбленыя ў свае думкі, сур’ёзныя. Калі ж з імі пазнаёміцца бліжэй, аказваецца, што вельмі мяккія, добразычлівыя, гатовыя прыйсці на дапамогу. Немцы ж, нібы персікі, з выгляду вельмі добразычлівыя, аднак на самой справе жывуць толькі сваімі турботамі.

Выбор редакции

Чаму немцы думаюць, што Беларусь — частка Расіі

Дзяўчына адзначае, што многія немцы не ведаюць, што ёсць такая краіна, як Беларусь, думаюць, што гэта частка Расіі.

— Справа ў тым, што Беларусь па-нямецку гучыць як Вайс Русланд, што ў перакладзе значыць Белая Расія, — тлумачыць Мі­рыям. — Таму многія немцы думаюць, што Беларусь — гэта не асобная краіна. Цяпер тлумачу сябрам, што правільна гаварыць Беларусь, расказваю пра краіну, лю­дзей.

Галоўнае, каб вучні не сумавалі

Мірыям працуе на­стаў­ніцай нямецкай мовы ў дзясятай гімназіі ў Маладзечне. Сваіх вучняў просіць называць яе на ты і па імені. Самае галоўнае для маладога спецыяліста, каб на яе занятках не было сумна.

— Большая частка заняткаў праходзіць у форме гульні, — расказвае настаўніца. — Самае галоўнае, каб дзецям было цікава, тады і веды будуць лепш засвойвацца. Ладзім кулінарныя заняткі, падчас якіх дзеці вучаць назвы прадуктаў і гатуюць пэўную страву, арганізоўваем тэатральныя імправізацыі. Цікавымі былі заняткі, калі дзеці чыталі тэкст па-нямецку, я з іншым валанцёрам перакладала. Дзеці выпраўлялі нашы памылкі ў вымаўленні, мы ў сваю чаргу іх.

Аднак маладой настаўні­цы не заўсёды лёгка падрыхтавацца да заняткаў, бо не мае спецыяльнай адукацыі. Падоўгу сядзіць у інтэрнэце, каб знайсці цікавае рашэнне для пэўнай тэмы альбо выкарыстоўвае досвед калег.

— Цешыць, што дзеці вельмі актыўныя на занятках, не баяцца выказвацца і рабіць памылак. Галоўнае — іх расшавяліць, — расказвае Мірыям. — Часта на занятках так захапляюся, што шмат размаўляю па-нямецку. Калі перапыняюся, пытаюся ў дзяцей, ці ўсё зразумела, аказваецца, так.

Здзіўляе Мірыям прага да вучобы школьнікаў — выконваюць заданне не з меншым імпэтам нават тады, калі настаўнік выйшаў.

Мірыям планавала папрацаваць у Беларусі год, аднак настолькі спадабалася работа, што хоча адцягнуць момант ад’езду, працягне працу да жніўня.

— Менавіта стажыроўка ў Беларусі дапамагла вызначыцца з прафе­сі­яй, — пад­сумоўвае Міры­ям. — Як толькі вярнуся ў Германію, паступлю ва ўніверсітэт, каб стаць настаўніцай пачатковых класаў.

Мірыям плануе працаваць у Германіі. Там засталіся бацькі, сябры, па якіх сумуе.

— Прыязджала нядаўна на два тыдні, было цяжэй з’ехаць, чым тады, калі адпраўлялася ў невядомую мне Беларусь, — узгадвае Мірыям. — Бачыла, што бацькам і бабулі вельмі складана развітвацца са мной. Ад гэтага яшчэ цяжэй на душы.

УНП 101166185
Пасольства ФРГ у Беларусі

Этот материал был опубликован на странице 30 печатного номера газеты «Інфа-Кур’ер» №17 (847) от 27 апреля 2017 года.
Самое популярное
Все публикации