Самиздат

Успаміны. Маё дзяцінства

Аляксандр Рабцаў | 16 апреля 2017 в 09:00
Малюнак: Вера Шут

Нарадзіўся я ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна ў 1946 годзе. З’явіўся на свет у школе, дзе жылі і працавалі мае бацькі-настаўнікі. Дарэчы, гэтая школа існуе і да цяперашніх дзён.

Да 1951 года я сябе не памятаю, але са слоў бацькоў жыццё было цяжкае, паўгалоднае. Тата распавядаў, што аднойчы яму давялося памяняць каністру бензіна на буханку хлеба. Сям’я з пяці чалавек ела тую буханку тыдзень.

У 1951 годзе наша сям’я (бацькі, я, старэйшая сястра Валя і бабуля) пераехала ў вёску Вялікая Раёўка Капыльскага раёна. Першыя два гады здымалі жыллё з працякаючым дахам. Нарэшце купілі хату ў невялікай вёсачцы пад назвай Раёк, паміж вёскамі Калодзезнае і Вялікая Раёўка.

Дзяцінства ў Райку

Гэта быў сапраўдны Раёк. Недалёка ад нашай хаты працякала невялікая рэчка Мажа. Колькі ў ёй было ўсялякай рыбы! Лавілі яе звычайным кашом. Даставалі з-пад карчоў і ракаў, разводзілі на вуліцы вогнішча і варылі іх.

Правы бераг Мажы быў круты. Па ім мы, дзеці, узімку коўзаліся на лыжах і санках. Левы бераг больш спадзісты, на ім была, як мы называлі, гравільная яма. Яе паходжанне для нас было невядома: ці то людзі выкапалі, ці то засталася варонка ад бомбы. У гэтай яме ляжаў вялізны валун, які быў цёплы ў любое надвор’е. Мы купаліся і бегалі грэцца на той валун.

У кіламетры ад вёскі быў лес, у якім мы збіралі грыбы. Ведалі мы той лес як свае пяць пальцаў. Калі не хацелася бегчы туды, набіралі грыбоў у прыдарожных пасадках.

А як хораша спявалі жанчыны, калі вечарам ішлі з сенакосу! Якія прыгожыя былі жытнія палі, уздоўж якіх раслі рамонкі і валошкі, і дзяўчынкі плялі з іх вельмі прыгожыя вяночкі. А колькі было ўсялякай жыўнасці: жучкоў, павучкоў, камароў…

Жыццё як яно было

Цяжка жылося ў першыя гады пасля пераезду. Паколькі бацькі былі настаўнікамі, а не калгаснікамі, ім не дазвалялася мець зямлі больш за 15 сотак разам з падвор’ем. Зямлю абрэзалі пад самы ганак. На адабранай частцы забаранялася сеяць, і з году ў год на ёй рос бур’ян. Аднойчы бацька вырашыў заараць гэты бур’ян і пасадзіць бульбу. Тут жа, мабыць, па даносе прыляцеў на брычцы старшыня сельсавета і давай даймаць бацьку на ўсе лады. Той не стрымаўся, схапіўся за сахор — і старшыня знік у клубах пылу. Назаўтра прыехалі міліцыянты, і бацька адсядзеў у астрозе 15 сутак. Вось такія былі парадкі.

Добра памятаю, як памёр Сталін. Да нас тады збегліся ўсе сяляне з вёскі, каб слухаць радыё. У нас у адных у вёсцы быў радыёпрымач «Родина — Р47». На вялізных батарэях, якія бацька купляў у Капылі. У вёсцы не было электрычнасці аж да 1963 года. Людзі праз адчыненае акно плакалі, а мы, малыя, мала што разумелі і скаліліся, се­дзячы на печы. Памятаю, як пасля смерці Сталіна адбы­ва­ліся нейкія выбары. І ў адным з класаў, дзе праходзіла галасаванне, вісеў партрэт Малянкова. У клас увайшла нейкая бабуля, бразнулася на калені перад гэтым партрэтам і давай маліцца. Здаецца, пасля смерці Сталіна Малянкоў адмяніў усе падаткі, вось тады бабкі і маліліся на яго.

На самой справе, калі памёр Сталін, жыць стала крыху лягчэй. Мы абзавяліся нейкай жыўнасцю, купілі матацыкл з каляскай М-72, які служыў нам і як транспарт, і быў замест каня. Я ўжо ў восем гадоў спраўна кіраваў ім. Памятаю, пальцы на руках былі яшчэ кароткія, не дацягваліся да рычагоў счаплення і тормазу, дык бацька зрабіў для мяне скураныя хамуцікі. Я садзіўся за руль, бацька ззаду за плуг і так на паўвыжатым счапленні аралі зямлю.

Выбор редакции

Школьныя годы

У школу я пайшоў у 1954 годзе. Прыходзілася ха­дзіць аж за тры кіламетры. У тыя гады пасля вайны было шмат ваўкоў. А нам, малым, прыходзілася хадзіць праз балку, дзе нас амаль заўсёды сустракалі ваўкі. Пакуль даходзілі да сваёй вёскі (узімку чамусьці заўсёды вучыліся ў другую змену), спальвалі амаль усе сшыткі, каб напужаць ваўкоў.

У 1955 годзе нарадзілася сястрычка Таня. Спачатку мне гэта не вельмі падабалася, а потым яна была самай лепшай сяброўкай.

На летніх канікулах мы, малалеткі, хадзілі у калгас на працу. Рабілі ўсё, што і дарослыя: абганялі бульбу, адвозілі ад кам­бай­наў зерне, ганялі ко­ней у начное. Амаль у кожнага з нас быў у канюшні, так сказаць, замацаваны конь. У мяне была кабылка Мышка. Маленькая, паслухмяная. Заўсёды адзывалася на сваё імя і бегла да мяне, а я прыносіў ёй кавалачак цукру. Калі апранаў хамут, яна пакорліва схіляла галаву.

У Райку побач з намі жыў Прахор, які добра іграў на гармоніку з так званым нямецкім строем. Некаторыя казалі, што ён быў паліцаем і адсядзеў за гэта шэсць гадоў, а хтосьці казаў, што ён дапамагаў партызанам. Асабіста я не верыў, што ён быў паліцаем. Дык вось Прахор мяне і навучыў іграць на гэтым складаным гармоніку, а потым і падарыў яго мне. Пасля бацькі купілі мне рускі гармонік, а потым і баян.

Паколькі я праяўляў павышаную цікавасць да музыкі, пасля заканчэння пяці класаў Вялікараеўскай сярэдняй беларускамоўнай школы мяне аддалі вучыцца ў Нясвіжскую музычную школу па класе баяна.

Як Машэраў дапамог дом пабудаваць

У 1961 годзе сям’я пераехала ў Слуцк, дзе бацькі таксама працавалі настаўнікамі ў розных школах і зноў бадзяліся па кватэрах.

У 1963 годзе бацька арганізаваў другі ў Слуцку жыллёвы кааператыў і стаў яго старшынёй, але праз год будаванне дома застапарылася. Бацька ўспомніў пра Пятра Міронавіча Машэрава, з якім разам вучыўся ў адной групе ў Віцебскім педагагічным інстытуце. У той час Машэраў, калі не памыляюся, быў другім сакратаром Мінскага абкома партыі. Яны сустрэліся, паўспаміналі мінулае. І па прыездзе бацькі ў Слуцк дом пачаў расці як на дражжах: з’явіліся матэрыялы, рабочыя. Дом быў заселены ўжо на канец 1964 года.

Прыкладна тады ж скончылася і маё дзяцінства. Закончыўшы 10 класаў вячэрняй школы і музычную, пайшоў працаваць. Быў і лабарантам у школе, і маляром. Але лёс направіў на свой шлях — на прадпрыемства электрычных сетак, якому аддаў 55 гадоў жыцця.

Этот материал был опубликован на странице 28 печатного номера газеты «Інфа-Кур’ер» №15 (845) от 13 апреля 2017 года.
Самое популярное
Все публикации