Самиздат

Падарунак ад зяця

Уладзімір Дамель | 9 апреля 2017 в 09:00
Малюнак: Вера Шут

Горны інжынер Іван Скалабан з чацвёртага Салігорскага рудніка быў не адзіным зяцем у «роднай» цешчы, але адрозніваўся ад іншых сваімі адносінамі да яе.

Некаторыя з зяцёў маглі забыць пра той дзень, калі трэба было віншаваць цешчу з днём нараджэння ці з якім іншым святам, а Іван такога не дапускаў. Ён рыхтаваўся сур’ёзна, абдумваў не раз і не два, які купіць падарунак. Гэты прэзент, на яго думку, павінен быць карысным і сёння, і заўтра не толькі цешчы, але і ўсім з яе селішча. Бо на гэтым селішчы, як яму думалася, ён больш за іншых прыкладаў свае намаганні: рамантаваў вясною платы, працаваў на зямлі ад вясны да восені. Вырашчанае разбіралі ўсе. Толькі часам напамінаў, што вырасла ўсё гэта дзякуючы яго клопатам.

Вось зноў наступала вясна, а з ёю і 8 Сакавіка. Ужо не аднойчы Іван успамінаў пра гэта свята, але што купіць, не мог прыдумаць. Яму здавалася, што цешча ўсё мае.

Неяк зайшоў у магазін, а там прадавалі насенне цыбулі. Іван купіў ажно цэлых 5 кіло, грошай не пашкадаваў. Адвёз да цешчы яшчэ да свята, таму падарункам гэта не лічылася. Чым бліжэй набліжалася жаночае свята, тым больш хвалявала думка аб тым, чым ён парадуе цешчу.

Рашэнне звалілася проста з неба, калі па дарозе на працу з акна свайго аўто Іван убачыў, як на поле трактарысты з фермы вывозілі ў бурт звычайны гной. Вось яно — тое, што патрэбна! Не раз чуў ад цешчы, што на агародзе даўно не было арганікі. Ён дзень правёў з гэтаю думкаю і цвёрда вырашыў, што лепшага падарунка не прыдумаць: цешча будзе не проста рада, а нават шчаслівая. Ды, вядома, карысць з падарунка вялікая. Восень усе намаганні яго адплаціць добрым ура­джаем.

Пасля рабочага дня Іван па дарозе дамоў заехаў у кантору сяльгаспрадпрыемства. Старшыня праўлення сядзеў у сваім кабінеце, як быццам чакаў Івана. Выслухаўшы просьбу выпісаць гной для асабістай гаспадаркі, адказаў: «Не менш за шэсць тон з адвозам нашым транспартам каштуе 90 рублёў. Заплаціце ў бухгалтэрыі. Напішыце разборліва адрас. 7 сакавіка гной будзе прывезены». Ад нечаканага простага рашэння, як яму здавалася, складанай праблемы Іван разгубіўся. Але прыехаў дадому ба­дзёрым. Рашыў, што жонцы нічога не скажа. Хай сюрпрыз будзе.

Вечарам 7 сакавіка жонка пра гной нічога не казала. 8-га ранкам зноў цішыня: ніхто не гаворыць пра «падарунак». Іван захваляваўся. Але пасля сняданку раздаўся тэлефонны званок. Тэлефанавала цешчына суседка. Гаварыла спешна, з трывогай: «Калі хочаце застаць маці жывой, хутка прыязджайце».

Калі прыехалі, цешча сустрэла зяця з дачкою на кухні каля газавай пліты. Выглядала зусім здароваю. «Дзякуй за падарунак, зяцёк, — сказала цешча. — Толькі гэты падарунак ты зрабіў для сябе. Мне ён ужо не патрэбен і не пад сілу. Таму снедайце ды ідзіце раскідваць гной. Яго трэба яшчэ заараць. І ўсё гэта сёння паспець.

… Вярталіся з вёскі позна вечарам. Жонка з Іванам перастала размаўляць яшчэ апоўдні, калі яны ўдваіх раскідвалі па сот­ках трэцюю тону гною. Вось і зараз сядзела панурая і глядзела ў акно аўтамабіля. «Прабач, калі ласка!» — сказаў Іван і пагладзіў жонку па руцэ. Яна памаўчала і раптам засмяялася: «Такога 8 Сакавіка у мяне яшчэ не было! Будзе чым сябровак здзівіць — такі падарунак ад мужа!»

Этот материал был опубликован на странице 28 печатного номера газеты «Інфа-Кур’ер» №13 (843) от 30 марта 2017 года.
Самое популярное
Все публикации