Самиздат

З успамінаў маці. Падатковы інспектар

Валянціна Бабко-Аляшкевіч | 19 марта 2017 в 09:00
Малюнак: Вера Шут

Пасля вайны было цяжка ўсёй краіне: паўсюль зруйнаваныя гарады, вёскі і прадпрыемствы, спустошаны золатавалютны рэзерв. А карміцца трэба ўсім. Вось і прыдумала дзяржава непамерныя падаткі для калгаснікаў.

Мае бабулі расказвалі, што на кожнае сялянскае падвор’е быў цэлы спіс таго, што патрэбна было здаць дзяржаве ў якасці падатку: зерне, мяса, малако, яйкі, воўну, свіныя скуры. Быў падатак на пладовыя дрэвы і ягадныя кусты. У спісе абавязковых падаткаў значылася і пэўная сума грашай. Хаця тых грошай за цяжкую працу ў калгасах не плацілі, і, каб іх зарабіць, людзі вазілі на базар зерне, бульбу, малочную і мясную прадукцыю.

Каб пракарміць дзяцей, якія засталіся сіротамі, і адна, і другая мае бабулі тры­малі парсюкоў, але не ў хлявах, а ў падпеччы. Так хавалі іх пад печ і завальвалі чым-небудзь. А калі тое парасё падрастала, то свежавалі яго ноччу. Бо днямі па вёсках соўваліся падатковыя інспектары, вынюхвалі, дзе ў каго пішчыць парасё ці кудахча непалічаная курыца. А парасё тое, калі яго рэжуць, раве як рэзанае. Каб гэтага не здаралася, яму на лыч чаплялі торбачку з мукою. Чаму? Пры моцным удыху мука трапляла ў лёгкія жывёлы, што выклікала затрымку дыхання, і моцна крычаць парасё ўжо не магло.

Смалілі парасё на вуліцы саломай, а сляды ад смалення маскіравалі, каб нічога не засталося. А вось тое няўдалае сальца і мяска з костачкамі хавалі як маглі і куды толькі маглі. Нават у калодзежы апускалі, каб не здагадаўся які-небудзь правяраючы. І не здагадваліся. Шнарылі па хлявах, каморках, паграбах. А ў калодзежы ніколі не заглядвалі. Вось так гаравалі мае, і не толькі мае, дарагія бабулі, якім лёс наканаваў стаць удовамі.

У адной бабулі на руках было дзевяць дзетак, у другой — чацвёра. Карміць іх патрэбна было кожны дзень.

І вось аднойчы завітаў у нашу вёску Радкава вельмі злы правяраючы. Ён шнарыў па кожным двары з вялікай паперай. Гэта быў спіс даўжнікоў. Кожнаму гаспадару ці гаспадыні, якія не выканалі план здачы падаткаў, даводзіў той тэрмін, за які патрэбна разлічыцца з дзяржавай. У тых сялян, якія не справіліся ў раней пастаўлены тэрмін, мог адабраць і карову, і свінню, і курэй.

Была цёплая летняя раніца, калі той інспектар выйшаў за вёску і накіраваўся ў бок Слуцка. На павадку ён вёў вялікую пярэстую карову, а за ім беглі двое дзетак. Яны плакалі і прасілі: «Дзядзечка, аддайце нашу Мілку, не забірайце! Мы ж памром з голаду, яна ж наша адзіная карміцелька». Інспектар, не звяртаючы ніякай увагі на адчайныя крыкі малеч, лупіў дубцом тую жывёліну і адыходзіў усё далей ад вёскі. Дзеці не адставалі і крычалі яшчэ мацней. Хлапчуку было гадоў адзінаццаць, дзяўчынцы — каля дзе­вя­ці. Яны размазвалі бруднымі кулачкамі слёзы і не адставалі, а падбягаючы да каровы ззаду, хапалі яе за доўгі хвост і ў адчаі звалі: «Мілка, Мілка, дахаты!»

Праз кіламетры два, калі інспектар нацешыўся, слухаючы гэты дзіцячы адчай, ён спыніўся і сказаў: «Паглядзіце, дурныя, гэта ж не карова, а бык!» Дзеці суняліся і падышлі збоку да жывёлы. Гэта сапраўды быў бык, як дзве кроплі вады падобны да іх Мілкі. Яны без сілы рухнулі на зямлю, а падатковы інспектар павёў жывёлу далей. Дзеці, ледзь адышоўшы ад шоку, пабеглі назад, але не дахаты, а на палетак, дзе пасціўся вясковы статак. Калі яны ўбачылі там сваю карміліцу Мілку, расплакаліся наўзрыд. Але ўжо ад шчасця. А дзеткамі гэтымі былі мая будучая мама Ніна і яе брат Ваня.

Этот материал был опубликован на странице 30 печатного номера газеты «Інфа-Кур’ер» №10 (840) от 9 марта 2017 года.
Самое популярное
Все публикации