Ці засталася «дзядуха» ў сучасным беларускім войску

Сяржук Кійко, 18 марта 2017 в 09:00
Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі
  • Новые объявления
  • СДАМ 1-комн. квартиру, г. Слуцк, ул.8 Марта, без мебели. т.(8 029) 105 81 70

    СДАМ в аренду обустроенное рабочее место парикмахера в центре г. Слуцка. ИП Марачковская Л.А. УНП 691 977 041 т.(8 044) 746 95 35

    СДАМ гараж в р-не 1 в/г. т.(8 029) 341 64 67

Кожнага хлопца, якому пашчасціла служыць у войску, перад тым, як прайсці праз КПП вайсковай часці, турбавала пытанне: «Ці будзе там „дзедаўшчына“ і наколькі яна жорсткая?» Хтосьці задумваўся пра гэта ў меншай ступені, хтосці - ў большай, але дакладна пра тое думаў кожны будучы вайсковец і нават ягоныя бацькі.

Па гэтай тэме шмат напісана і сказана, але апошнім часам з афіцыйных крыніц даводзіцца чуць, што ў сучасным беларускім войску дзедаўшчыны ўжо амаль няма ці яна не такая як раней — у савецкія часы. Ці так гэта на самой справе? Кожны можа самастойна высветліць, спытаўшы, напрыклад, пра тое ў сваіх знаёмых, якія праходзілі вайсковую службу цягам апошніх гадоў. Я ж распавяду аб тым, што даведаўся асабіста пра сучасны стан дзядухі пад час сваёй тэрміновай службы ў войску.

Як ёсць

У дзедаўшчыне вырашальную ролю грае тэрмін службы жаўнера, пад час якой кожны вайсковец праходзіць «эвалюцыю» ад духа да дзеда. У кожнай вайсковай частцы прынцып іерархіі агульны, а вось падзел на «класы» асаблівы.

Напрыклад, у гродненскай інжынернай брыгадзе захаваўся класічны, яшчэ з савецкіх часоў, выгляд такога падзелу: пах (да першай лазні) — дух (першая палова года службы) — слон (другая палова года службы) — чэрап (больш за год службы) — дзед (званне, якое атрымліваюць ад дзеда ранейшага прызыву) — дзембель (100 дзён да сканчэння службы).

Зараз тэрміны службы паўтары, а не два гады, як раней. Па гэтай прычыне ў большасці часцей сістэма іерархіі прыстасавалася да новых умоваў.

У іншых часцях падзел на класы можа быць прасцейшым: дух — слон — дзед — дзембель. Напрыклад, у чыгуначнай брыгадзе Слуцка падзел яшчэ больш просты, але са сваімі асаблівасцямі: дух — слон — дзед (палаген). Пры тым назва «палаген» ужывалася часцей за «дзед», а «сланамі» лічылі яшчэ і тых салдат, якія адмаўляліся жыць «па дзеду» і жылі «па статуту».

Прабіванне лася. Салдат зводзіць рукі на лбе далонямі ад сябе, каб не заставалася чарнякоў, а дзед б’е па іх. У войску салдаты спрытна выкарыстоўвалі фантазію і маглі прабіць лася з нагі, табурэтам ці нават вогнетушыцелем. Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі для kurjer.info

За плотам у віры

Андрэю Шыцько пашчасціла адслужыць у зенітнай ракетнай брыгадзе ў апошні год яе існавання. Брыгада мясцілася ў Слуцку і напрыканцы 2014 года была расфармаваная.

Дзядуха ў роце Андрэя была адна са слабейшых па вайсковай частцы, бо асабовы склад быў невялікім. Па традыцыі «маладыя» выконвалі ўсю асноўную працу за старэйшыя прызывы, наводзілі парадак у памяшканнях і на спальных месцах. У Андрэя не было ніякіх грашовых пабораў, збіцця і фізічных пракачак уначы. Для яго дзедаўшчына ўвасабляла сабою забарону карыстання тэлефонам і наведвання чыфана (вайсковая крама). У чыфане прадстаўнікам малодшага прызыву магчыма было набываць толькі ваду і цыгарэты. Усё астатняе дазвалялася толькі па асаблівых днях, якія называліся «днямі жывата».

Андрэй не меў права казаць дзеду слова «зае.лся», бо дух не можа стаміцца. Таму хлопец, не ведаючы стомленасці, ганяў для дзедушак на чыфан і гатаваў ім гарбату. Час ад часу дзяды забаўляліся гульнямі ў «хобат» і «вожыка». Часцей за ўсё гэта краналася фізічна слабых хлопцаў, якія былі не здольныя даць адпор. Вось яны і бегалі на чацьвярэньках па памяшканню роты з прывязаным табурэтам да спіны, выяўляючы вожыка.

Яшчэ было заведзена, што салдаты першага і другога перыяду маглі карыстацца толькі дзвюма рукамыйніцамі з шасці наяўных. Астатнія чатыры — права дзядоў.

Мала хто ў гэтай часці намагаўся пайсці ў супраціў наладжанай сістэме, гэтаксама і Андрэй. Тыя, хто ўсё ж спрабаваў учыніць бунт, хадзілі пасля ў «чортах». Што датычыцца камандавання, то афіцэры, па словах Андрэя, наўрад ці не ведалі пра існуючыя парадкі сярод салдат.

Чарапашка. Дух становіцца на чацвярэнькі, а дзед лупіць яго табурэтам па пятай кропцы, пасля чаго салдат бяжыць на сваіх чацвярох, быццам па інэрцыі, як чарапашка. Чым мацней ўдар, тым большую адлегласць мусіць ён прабегчы. Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі для kurjer.info


Хадзіць чортам. На таго, хто не жадаў жыць «па дзедаўскім» парадкам, накідваліся гурбою і валаклі ў вызначанае месца пераводзіць у «чорты». Там, трымаючы яго, сцягвалі порткі, а хтосьці з дзядоў біў па «пятай кропцы» тапкам з нумарам 13. Пасля гэтага ніводзін салдат не мог знаходзіцца побач, мець стасункі і нават размаўляць з «чортам», інакш таксама мог патрапіць у няміласць дзедушак і папоўніць «чортавы» шэрагі. Такая працэдура пакарання непаслухмяных захавалася ў некаторых часцях.

Ніхто мяне не чапаў. Гэта я ўпаў

У Славы Хадаровіча служба была крыху павесялей, чым у Андрэя. Ён адслужыў у адным з батальёнаў інжынернай брыгады ў Гродна. Дзедаўшчына там на той час выспявала ў лепшых савецкіх традыцыях.

Грошай у Славы ніхто не патрабаваў, калі не ўлічваць неабходнасць частаваць дзедушак цыгарэтамі. Затое фізічна, на сваім целе, даводзілася адчуваць некаторыя цяжары службы. Слава лёгка мог за якісьці правін перад дзядамі «атрымаць у грудзі» ці «стаяць на кабіне свечкай». Гэта было своеасаблівай рысай дзядухі ў гэтай вайсковай частцы — ставіць салдат на галаву ў поўны рост да сцяны. Яшчэ адной асаблівасцю была традыцыя «прабівання лася» вогнетушыцелем. Бывала, маладому салдату білі нагой у спіну, пакуль той стаіць ва ўпоры лёжачы.

У першыя месяцы службы гэта выглядае, вядома, вельмі жорстка і жахліва. З цягам часу салдаты пачынаюць нават ставіцца да такога з гумарам, а напрыканцы службы, стаўшы дзядамі, увогуле лічаць падобнае звычайным і нават прышпільным. Слава тут не быў выключэннем.

Стойка на кабіне. Кабінай у войску называюць галаўны ўбор ці саму галаву. Стойку прымянялі не дзеля забавы, а выключна як пакаранне за правіннасць. Салдат станавіўся на тры кропкі апоры: галаву і ногі, трымаючы рукі за спіною. Такая поза вельмі небяспечная, бо можа траўмаваць шыю ці выклікаць прыток крыві да галавы. Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі для kurjer.info
Вечарамі Слава, як і астатнія духі, рабіў «размініраванне ложка» для дзеда: залазіў пад ложак і нібыта шукаў там міны, а пасля дакладваў дзеду, што ўсё чыста і можна спакойна адпачываць. За такія весялосці ўдзячныя дзяды, пасля адбою працягвалі гульні з духамі ў «зязюлю» і актыўна займалі спортам маладую змену. Духі ноччу маглі да знямогі аджымацца ці рабіць іншыя фізічныя практыкаванні.

Але ў які-неякі вольны час Славе ў статусе духа дазвалялася чытаць кнігі і наведваць трэнажорную залу. Таксама можна было карыстацца парфумаю і мыцца раніцаю. Аднак такія прывілеі маладыя салдаты маюць далёка не ва ўсіх часцях.


Гульня з хобатам. Традыцыя дзеля жарту. Палягае ў тым, што вайсковец-слон мае ўяўны хобат. Дзед яго можа нібыта адарваць і закінуць на іншага салдата ці нават афіцэра, а слон, у сваю чаргу, павінен бегчы за тым чалавекам, каб забраць свой хобат. Вяртаючыся, слон мусіць паведаміць дзеду аб тым, што ён такі выратаваў свой хобат. Дзед можа прывязаць хобат, напрыклад, да лаўкі. Так слон не зможа нікуды пайсці і выконваць загады, застаючыся на тым месцы, пакуль ягоны хобат не адвяжа хоць хтосьці з дзядоў.

Сушка кракадзіла. Салдат, упіраючыся рукамі і нагамі у ложак, вісеў над ім столькі часу, колькі загадаў дзед ці пакуль не падаў ад стомленасці. У класічным варыянце выканання ўнізе хтосьці трымаў штык-нож для прыдання жудаснасці моманту. Але пад час службы я не бачыў і не чуў, каб хтосьці «сушыў кракадзіла» з выкарыстаннем нажа. Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі для kurjer.info

У Печах як у пячах

Вось у Віталя Каваленка, як кажуць, «па першаму» (маючы на ўвазе першую палову года службы) зусім прывілеяў не было ў адрозненні ад Славы. Віталю давялося праходзіць службу ў цэнтры тэхнічнага забеспячэння, адной з найвялікшых вайсковых часцей Беларусі ў Печах. Гэтае месца на салдацкім слэнгу называюць «Тэхас».

Віталь распавёў, што ў пачатку службы афіцэр, адказны за ідэалагічную працу, збіраў усіх маладых салдат на размову. Казаў ім, што дзедаўшчына — рэч зразумелая і звычайная, нічога тут, маўляў, асабліва жахлівага няма, што ў жыцці кожнага хлопца своеасаблівая дзядуха пачынаецца ледзь не з дзіцячага садочку. Пасля пачутага і Віталю, і ўсім прысутным стала зразумела, што адзіны выбар для іх — цярпець. А цярпець сапраўды было што…

Фізічныя «пракачкі» ўначы, розныя бязглуздыя і часам жорсткія дзедавыя забавы, харчовыя паходы для дзедушак на чыфан — усё гэта было для Віталя звычайнай штодзённай рэчаіснасцю. Выбару не было. У Печах усе жылі «па дзедаўшчыне», а калі хто і намагаўся жыць «па статуту», то звычайна не вытрымліваў і тыдня траўлі. «Дзядуха Тэхаса» адрознівалася асабліваю жорсткасцю ў сваіх правілах. Напрыклад, пакуль Віталя быў духам, яму нельга было карыстацца пенаю для галення, толькі мылам, нельга выкарыстоўваць швабру, мыць пол трэба было толькі з анучай ў руках. Такіх няпісанных законаў было шмат. Пра чыфан і кнігі нават думаць забаранялася, бо вольнага часу ў духа быць ня можа.

Зязюля. Салдат садзіцца на спінку ложка і цалкам акутваецца ў коўдру. У такой позе ён сядзіць і пераймае спевы зязюлі да таго часу, пакуль якісьці дзед не падыйдзе ды й лясне па яму падушкаю. Ад удару салдат падае адразу ў ложак і мусіць засынаць. Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі для kurjer.info
Калі Віталь па тэрміну службы ўжо сам стаў прылічаным да саслоўя дзядоў, то ізноў адбылася знакавая размова ягонага прызыву з ідыёлагам батальёну. На гэты раз афіцэр змяніў рэторыку. Маўляў, што дзедаўшчына гэта не сур’ёзна і супрацьпраўна, што нельга так ставіцца да маладых байцоў і ганьбіць сябе датычнасцю да гэтакай традыцыі.


Пажадаць добрай ночы. Калі прагучыць каманда «адбой», звычайна дзяды жадаюць дабранач духам: «Спите духи золотые, ваших баб е*ут другие!». На гэта ўсе духі адказвалі хорам: «Спите дедушки и вы, ваших баб е*али мы!» Пры тым ніхто з духаў не меў права засынаць перш, чым засне апошні дзед.

Вышлі мамка грошай мне

Кардынальна іншым свет дзедаўшчыны пабачыў Іван Шыкуць у слуцкай чыгуначнай брыгадзе транспартных войскаў. Там камандаванне часці на праявы пазастатутных адносін вочы не закрывала, а некаторыя афіцэры ставіліся да дзядухі прынцыпова адмоўна. Гэта было галоўным фактарам яе слабасці ў вайсковай частцы.

Яшчэ адзін фактар палягаў у тым, што ў гэтай часці праходзяць службу хлопцы, якія не прымаюць прысягу і адмаўляюцца браць зброю ў рукі, часцей за ўсё па рэлігійных перакананнях. Хтосьці з іх разглядаў дзядуху як гульню, а хтосьці бачыў у ёй бесчалавечнасць, і таму прынцыпова адмаўляўся ўдзельнічаць у гэткай «гульні». І такіх пратэстных салдат у роце Івана была палова з кожнага прызыву.

Начныя фізічныя «пракачкі» ў Івана скончыліся праз два месяцы службы, калі ў памяшканні роты ўсталявалі камеры відэасачэння, але гэта не перашкаджала аджымацца паміж кояк ці ў іншых памяшканнях, куды цывілізацыя не дайшла. Ваня таксама «сушыў кракадзіла» і «бегаў за хобатам». Пакуль быў духам, то яму нельга было займацца спортам і наведваць чыфан. Увесь вольны час духі бясконца наводзілі парадак у памяшканнях.

ТУ-144. Забава дзядоў, пра якую я чуў толькі ў чыгуначнай брыгадзе. Дух бегаў па памяшканню роты нібыта самалёт і прасіў дазволу ў дзеда пайсці на пасадку. Калі дзед даваў дазвол, салдат падаў грудзьмі на падлогу. Пад час сваёй службы я не чуў, каб дзяды так забаўляліся, але некалькі гадоў таму, як мне казалі, гэта было нормаю амаль у кожнай роце. Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі
Былі ў Івана і свае абавязкі: лічыць дні да дзембеля дзедушкі, купляць свайму дзеду цыгарэты і кожны вечар расцілаць ложак для яго. Але Ваню і тых хлопцаў, якія жылі «па дзядухе» турбавала тое, што палова салдат не падпарадкоўваюцца правілам і нічога з таго не губляюць. На гэтай глебе здараліся нават адкрытыя канфлікты, але яны не заходзілі далёка, бо дзяды вельмі баяліся, што пра гэта даведаюцца афіцэры.

У гэтай брыгадзе дзядуха была падвязаная на грошах. Дух і нават той, хто жыве «па статуту», мог набыць за грошы сабе асабістыя правы: карыстацца мабільным тэлефонам ці хадзіць на чыфан. За кожнае права быў фіксаваны кошт — 25 рублёў. Пераходы ў дзядуху таксама каштавалі 25 рублёў. Грошы трэба было перадаць любому з дзядоў. Такім чынам, некаторыя дзяды выходзілі са службы з немалымі грашыма на «пагуляць». Іван на прывілеі згубіў каля 60 рублёў, але яму пасля дзяды вярнулі ўсё за абяцанне не распавядаць пра гэта, бо афіцэры раптоўна пачалі адсочваць дзедаўшчыну ў роце.

На чацвёрты месяц службы амаль усе духі ў роце Івана адмовіліся жыць па дзедаўскіх законах і дзяды нічога не маглі зрабіць. Дзедаўшчына цалкам перастала існаваць, але нядоўга. Наступны прызыў пачаў яе адраджэнне.

Перавод. Атрыманне вайскоўцам новага статусу паводле дзедаўшчыны ў кожнай частцы можа мець сваю традыцыю, аднак сутнасць аднолькавая: салдат здымае порткі, а дзед б’е яго рамнём з бляхаю. Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі для kurjer.info


Чытачу

Інфармацыя, выкарыстаная ў дадзеным артыкуле, грунтуецца на маіх асабістых назіраннях і на словах тых, хто праходзіў тэрміновую службу ў беларускім войску з 2014 па 2016 гады. Сапраўдныя героі артыкула пажадалі застацца невядомымі, таму імёны выкарыстаны несапраўдныя. Малюнкі выкананы мастаком Габрыэлем Прэабражэнскім.

Важна разумець! Сітуацыя з прысутнасцю «дзедаўшчыны» ў падраздзяленні можа вельмі хутка змяняцца! Гэта адбываецца пад уплывам новага прызыву ці змены камандвання і яго стаўлення да гэтае з’явы.

Трэба адзначыць, што сёння Міністэрства абароны больш жорстка рэагуе на такія выклікі, а стаўленне з боку афіцэраў змяняецца ў пазітыўным кірунку. Прадпрымаецца комплекс захадаў па супрацьдзеянню «дзедаўшчыне» ў войску. За такія паводзіны, асабліва з прычыненнем фізічнай шкоды, салдат можа лёгка панесці крымінальную адказнасць і нават пазбавіцца волі на пэўныя тэрміны.


Каментар праваабаронцы

Юрый Мяцельскі, праваабаронца, чалец РПОО «Беларускі Хельсенскі Камітэт». Фота: Сяржук Кійко
Юрый Мяцельскі
, праваабаронца, чалец РПОО «Беларускі Хельсенскі Камітэт»: «Вайскоўцы абмежаваны ў правах болей, чым іншыя грамадзяне, бо падначалены патрабаванням вайсковага абавязку. Але, усё ж, патрапіўшы на службу, яны застаюцца людзьмі і грамадзянамі, таму выкананне асноўных чалавечых правоў гарантуецца без абмежаванняў. Немагчыма адмена права на жыццё, забаронены катаванні, жорсткае ці зняважлівае абыходжанне, забаронена рабства і выкарыстанне працы вайскоўцаў у невайсковых мэтах. Прафесія вайскоўца можа захаваць сваю годнасць толькі пры ўмовах павагі да правоў чалавека.

Калі парушаюцца правы, можна звярнуцца за дапамогай да вышэйшага камандвання. Зварот у пракуратуру і суд будзе яшчэ больш эфектыўным. Лепш за ўсё гэта рабіць у пісьмовай форме, асабіста ці заказным лістом. Недзяржаўныя праваабарончыя арганізацыі таксама могуць дапамагчы, у тым ліку і юрыдычна.

Салдатам тэрміновай службы забаронена мець мабільны тэлефон, з часткі выпускаюць зрэдку, а паштовае ліставанне можа кантралявацца, што істотна абмяжоўвае салдат у магчымасці звярнуцца за дапамогаю.

Выправіць сітуацыю, я лічу, можна стварэннем эфектыўнага інстытута грамадзянскага надзору за Узброенымі сіламі, як сродка забеспячэння выканання правоў вайскоўцаў і супрацьдзеяння дзедаўшчыне».

Все публикации