Самиздат

Зноў вайна прыходзіць да мяне ў снах

Мікола Корань | 12 марта 2017 в 09:00
Малюнак: Вера Шут

«Дайце агню па квадраце сем… Прышліце вяртушкі… У мяне шэсць двухсотых… Дайце агню…»

Мікола прачнуўся ад штуршка ў бок:

— Ну што з табой робіцца? Ты зноў ваюеш? Зноў ты там, у гарах? Колькі можна? Ужо больш за пятнаццаць гадоў прайшло, а ты… — дакарала Ніна гаспадара.

Крыху памаўчаўшы, жонка больш спакойным тонам працягнула:

— Я ж таксама прайшла праз гэтае пекла. У шпіталях маладых хлапчукоў без рук, без ног пабачыла больш за цябе. Ляжыць такі абрубак, жыць не хоча, просіць: «Сястрычка, дай якой-небудзь атруты». Ты і сам гэта бачыў, калі цябе, лейтэнанта-дэсантніка, усяго перабітага прывезлі ў шпіталь. Паўкіло жалеза з цябе выцягнулі… Як яшчэ жывы застаўся. Цэлы год я цябе на ногі ставіла, а потым пакахала. За мужнасць тваю, за цярплівасць, за тое, што ўсяляў веру ў гэтых хлапчукоў… А што з табой зараз робіцца? Ты сваімі начнымі крыкамі Галінку пужаеш. Ды яшчэ і выпіваць стаў, — ушчувала Ніна.

Мікола моўчкі глядзеў на фотаздымак, на якім яны, дэсантнікі яго ўзвода, сядзелі на бэтээры. Такія жывыя, маладыя, жыццярадасныя.

— Вунь той, што з правага боку, вусаты — грузін, праўда, не чысты. Бацька — грузін, а маці — асецінка. Два гады ў Афгане. Два ордэны і медаль… Вясёлы быў… А гэтыя, што ў цэнтры здымка, браты-блізняты з Урала…

А тыя, што абняліся, — сябры з-пад Цюмені, паляўнічыя, снайперы ад Бога, у іх таксама па ордэну. Да дэмабілізацыі заставалася па два месяцы… Астатнія, хто год, а самы малады толькі паўгода адслужыў. Карпенка з Украіны — класны быў радыст. З дзяцінства займаўся радыётэхнікай. Вось толькі ён і застаўся ў жывых і мяне цэлыя суткі цягнуў на сабе, хоць і сам быў паранены. Астатнія паехалі на «дэмбель» у цынкавых «бушлатах»…

Слёзы пакаціліся па шчоках Міколы. Ён наліў паўстакана, залпам выпіў і, не закусваючы, закурыў.

— Міколка, родненькі, кінь. Трэба жыць далей. Хлопцы твае дзеля гэтага жыццё сваё палажылі? Каб дзеці нараджаліся, каб мір на зямлі наступіў, каб было каханне, — угаворвала Ніна мужа.

— Усё яно так… Але ж колькі з іх не сталі бацькамі, колькі гора прынесла гэтая вайна ў нашы сем’і? А што сёння робіцца ў свеце: Афган, Іран, Ірак, Сірыя, Украіна… За што гінуць дзеці, жанчыны, старыя. Вось і прыходзіць да мяне ў снах гэтая пачвара — вайна…

Мікола зноў пацягнуўся да пляшкі, але на паўдарозе супыніўся:

Выбор редакции

— Не, трэба завязваць, трэба жыць далей…

Ніна абняла Міколу за плечы, і яны доўга так сядзелі моўчкі, а з фотаздымка глядзелі на іх маладыя дэсантнікі. За акном віднела і ціха церушыў снег…


Усім, хто аддаў сваё жыццё на вайне і хто застаўся ў жывых, прысвячаю гэты верш.

Стакан гарэлкі на стале,
Накрыўка — скарынка
І мы ад той вайны сівыя…
За іх мы моўчкі пьём,
За іх і за паходы баявыя.
За Лёху, за Антона,
за Івана, за іх.
За снайпера Алі
з Азербайджана,
За тых, каму пашчасціла застацца ў жывых.
Другую чарку — пьём за мір.
За тое, каб было
здароўе, шчасце.
За тое, каб не было вайны,
Каб за сыноў не лілі
слёзы маці.
А чарку трэцюю паднімем
за любоў,
Каб яна была галоўнай
у свеце.
Тады не будзе болей слёз
і ўдоў,
І сонцу будуць радавацца дзеці.

Этот материал был опубликован на странице 28 печатного номера газеты «Інфа-Кур’ер» №7 (837) от 16 февраля 2017 года. Вы можете приобрести этот выпуск в цифровом формате PDF.
Самое популярное
Все публикации