Мнения

Ці дапамог Год культуры стаць Беларусі больш заможнай

Сяржук Кійко | 13 декабря 2016 в 22:22

Вось амаль і скончыўся 2016 год, які ў Беларусі быў аб’яўлены Годам культуры. Ці адчулі нашы грамадзяне за гэты год культурны ўздым? Наколькі прагрэсіўна Беларусь працуе над культурніцкімі праектамі і чаму не зарабляе на іх вялікія грошы?

Калі паглядзець на афіцыйным сайце Міністэрства культуры каляндар падзей на 2016 год, то можна засведчыць, што розных культурніцкіх мерапрыемстваў было запланавана даволі шмат. Большасць з іх гэта ўгодкі былой культурнай падзеі ці жыцця вядомага культурнага дзеяча. Безумоўна, гэта важна. Але ці будзе цікава гэта шырокаму колу грамадства і асабліва моладзі? Наколькі наогул дасведчаны яны пра тыя падзеі? Каб культура для Беларусі несла яшчэ і важкі грашовы прыбытак, важна, на мой погляд, мець адпаведны рэзананс і крэатыўны падыход у арганізацыі культурніцкіх падзей.

Паспрабуем разгледзець некаторыя глыбінныя камяні, якія па гэтаму пытанню сёння існуюць для Беларусі.

Ствараць і прэзентаваць непаўторнасць

Зразумела, што ў Беларусі ў выніку розных ваенных канфліктаў і палітычных падзей засталося даволі мала архітэктурных помнікаў. Параўнальна з іншымі краінамі Еўропы. Праца па захаванню архітэктурнай спадчыны, вядома, вядзецца. Але што адметна новае ствараецца зараз? Гэта «новае», на мой погляд, неабавязкова павінна быць чымсьці вялікім. Галоўнае — каб было прыгожым і функцыянальным. Клёвы дызайнерскі і карысны для людзей праект заўсёды прыцягне ўвагу наведвальнікаў і магчымых турыстаў.

Напрыклад, незвычайнага выгляду станцыя метро на новай лініі магла б стаць цікавым праектам і новым архітэктурным помнікам. Але што «архітэктурнага» было запланавала на 2016 год? Публічна прэзентавалі рэканструяваную дачу-музей Васіля Быкава ў вёсцы Азярцо і правялі рэстаўрацыі некалькіх тэатральных будынкаў. Многа гэта ці мала для Года культуры? Няхай кожны вызначыць сам.

Экалагічны турызм, пры належным падыходзе да яго, можа прыносіць, лічу, значна большыя грошы, чым зараз. Белавежская пушча, напрыклад, пазіцыянуе сябе як самы стары Еўрапейскі лес, а нашы непаўторныя балоты даўно сталі цікавым і экстрэмальным відам адпачынку. Але пакуль гэта вельмі слаба прэзентуецца за мяжою. Да таго ж і большасць саміх беларусаў не ведаюць пра турыстычны «эксклюзіў» роднай краіны.

Галоўныя праблемы, на мой погляд, крыюцца ў адсутнасці крэатыўнага падыходу да раскручвання турыстычных месцаў і недахопу звычайнага сервісу. Прыдарожны сервіс вельмі слабы, шмат якія кавярні выглядаюць непрывабна, на вялікіх адрэзках беларускіх дарог адсутнічаюць прыбіральні і г. д.

Пры граматных падыходах да развіцця турызму ў Беларусі не толькі дзяржава можа атрымаць вялікі прыбытак, але і людзі, якія праявяць сваю прадпрымальніцкую ініцыятыву ў гэтай галіне. Заманіць турыстаў у Беларусь можна рознымі шляхамі. Для гэтага неабавязкова будаваць хмарачосы і гатэлі як у Абу Дабі ці чакаць наступнага міжнароднага спартыўнага спаборніцтва. Доказам гэтаму можа паслужыць прызнанне Беларусі першай краінай у намінацыі «Агратурызм» праз анлайн-галасаванне расіян на сайце часопіса National Geographic у гэтым годзе.

У той жа Іспаніі турызм з’яўляецца самай прыбытковай галіной эканомікі і складае дзесьці 12% ад УВП краіны, а Францыя зарабляе на гэтым прыкладна 56 мільярдаў даляраў у год. Для Беларусі тут важна не старацца дагнаць, а, наадварот, ствараць свае асаблівыя культурныя праекты, бо турысты, як вядома, любяць непаўторнасць.

Чужое ці сваё

Зараз сярод беларусаў усё больш становіцца модным рабіць вяселлі «як на захадзе». Гэта і цырымонія рэгістрацыі, і ўпрыгожванні, і нават сталы для гасцей ставяць асобна. А калі на звычайным беларускім вяселлі давядзецца пагуляць замежніку, то ён уражваецца менавіта нашым «фішкам»: выкуп маладой, каравай, вялікі агульны стол для ўсіх гасцей і г. д. Мне асабіста прыходзілася чуць ад іх прыемныя водгукі менавіта з-за таго, што вяселле ў нас не такое як ў іх.

Выбор редакции

На такім простым жыццёвым прыкладзе можна пераканацца, як слабасць развіцця роднай культуры ўплывае на погляды беларусаў, трансфармуючы іх і пераўтвараючы нашых грамадзян у спажыўцоў замежнай моды і культуры. У гэтым няма нічога крымінальнага, але такія тэндэнцыі «забіваюць» беларускую адметнасць там, дзе яна захавалася.

Да нядаўняга часу нават у сталіцы было цяжка адшукаць кавярню ці рэстарацыю, дзе б якасна гатавалі стравы беларускай кухні. Паўсюды сустракаліся толькі сушы-бары ды піцэрыі. Правядзенне ў Беларусі міжнародных спартыўных спаборніцтваў вымусілі звярнуць на гэта ўвагу, бо турыстам наўпрост няма дзе паспрабаваць беларускай кухні.

Пра тое казаў і намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун:

«У Беларусі недастаткова кафэ і рэстарацый, якія спецыялізіруюцца на нацыянальнай беларускай кухні і адлюстроўваюць каларыт беларускай культуры ў інтэр’еры і абслугоўванні».

Сітуацыя з гэтым крыху палепшылася, але, мабыць, толькі ў сталіцы.

На гэтым фоне цікавай і паспяховай ініцыятывай з культурнай афарбоўкай, выглядае фастфудная ўстанова «Бліно», якая адносна не вельмі даўно адкрылася ў Слуцку. Па абслугоўванню, інтэр’еру, меню і ўвогуле падыходу да сервісу ежы хуткага гатавання «Бліно» не горш, а нават лепш за ўсім вядомы McDonald’s. Гэта яскравы прыклад таго, што нават такую нішу можна лёгка заняць айчынным фастфудам, не саступаючым па якасці замежным ці пераўзыходзячым іх. «Бліно» падабаецца не толькі слуцкай моладзі, што добра відаць па тым, якую папулярнасць займела кавярня.

Фота: Дадзена ўстановай «Бліно»

Вось як наконт сваёй установы выказаліся яе ўладальнікі:

«Мы з самага пачатку не хацелі выглядаць копіяй. Нам хацелася, каб установа ў наведвальнікаў асацыявалася з чымсьці сваім, простым і народным. Так, як яно ёсць у нас. Таму і вырашылі браць за аснову бліны — гэта ўсё ж бліжэй для беларусаў. Па той жа прычыне ў інтэр’еры мы дабавілі дрэва і гэты светлы тэматычны арнамент. Для нас не галоўнае, каб быў хайтэк. Але каб і „не хай так“. Вынікі радуюць. За тры гады дзейнасці - толькі прыемныя водгукі ад людзей».

Фота: Дадзена ўстановай «Бліно»

Для паўнаты прадстаўлення праблемы «чужое-сваё» прапаную звярнуць увагу на становішча і з нашымі традыцыйнымі святамі. Памятаю, як у дзяцінстве ў роднай вёсцы маштабна адзначалі Масленіцу, Каляды, Купалле. Ладзілася знатная гулянка. Гэтыя святы даўно для беларусаў перасталі быць нейкімі паганскімі абрадамі. З’явілася файная нагода адпачыць з элементамі традыцыі, што робіць гэтыя святы незвычайнымі.

Аднак, на жаль, зараз яны згасаюць. Моладзь пераймае Хэллоўін, Дні святога Патрыка і Валянціна. Традыцыйныя абрады ж не проста не горшыя, а яны нават могуць лёгка стаць візітоўкай краіны і прыцягваць штогод турыстаў на святкаванні. Напрыклад, унікальны калядны абрад «Цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёну прызнаны сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчынаю ЮНЭСКА і штогод збірае жадаючых паглядзець і паўдзельнічаць у святкаванні.

Але гэта кропля ў моры. Беларусы губляюць свае святы разам з адметнасцю і магчымасцю зарабляць. Сусветна вядомы фестываль баварскага піва Oktoberfest сёння лічыцца самым маштабным народным гуляннем у свеце і прыносіць вялікія прыбыткі свайму гораду, а калісьці пачынаўся з самага малога.

Фота: Андрэй Рогач

Варта тут успомніць і пра міфічных персанажаў беларускага фальклору. Некаторыя з іх выступаюць аналагамі герояў фальклору іншых народаў, але ж ёсць і такія, што нідзе болей не сустракаюцца. Зараз вядомы сотні персанажаў беларускага міфічнага свету. Яны цікавыя тым, што на іх можна сапраўды зарабляць, калі правільна папулярызаваць. Так зарабляюць замежныя вытворцы на кінастужках і мультфільмах пра фантастычных пачвараў. Можна нават прыдумаць штосьці новае, абы гэта рэальна магло займець шалёную папулярнасць. Беларуская культура тут можа выступаць як крыніца адметнасці і асаблівасці прадукта і як рэклама краіны адначасова.

Напрыклад у беларускай міфалогіі ёсць свой вобраз «Дзеда мароза» — Зюзя, які ходзіць босы па снезе з ледзяной булавою. Гэты персанаж пакуль што для большасці беларусаў невядомы, хоць мог бы стаць добрым беларускім брэндам. Давайце тут успомнім пра ўсім вядомых японскіх пакемонаў. Добра абыграная ідэя гульні Pokemon GO прынесла сваім уладальнікам 200 мільёнаў даляраў за першы месяц і зараз, па версіі даследчай кампаніі Sensor Tower, дае яшчэ па 1,6 мільёнаў даляраў у дзень! А калі яшчэ ўлічваць кіно пра пакемонаў, мультсерыял і камп’ютарныя гульні за ўвесь час існавання праекта, то атрымаецца велізарная сума, частка якой, у якасці значнага падатку, затрымалася ў кішэні дзяржавы. Для параўнання: чысты гадавы прыбытак паспяховага «Беларуськалія» за 2015 год, па дадзеных БелаПАН, склаў больш за 600 мільёнаў даляраў.

Замест крэатыву кодэкс

Пакуль у Беларусі са справаю прэзентацыі ўласнай культуры ёсць пэўныя праблемы. Госцям у нас прасцей знайсці італьянскую кухню, чым беларускую, у інтэрнет-сеціве хутчэй патрапіш на амерыканскае кіно і японскае анімэ, чым на айчынны прадукт. Бывае, што нават нашу культуру блытаюць з украінскай, а патэнцыйныя турысты часцяком успрымаюць Беларусь як частку Расіі ці ўвогуле пра нас не ведаюць.

Складаецца ўражанне, што ў службоўцаў, адказных за прасоўванне беларускай культуры, няма крэатыўных ідэй ці то нехапае грошай на іх рэалізацыю, а шмат якія прыватныя ініцыятывы забараняюцца па розных прычынах.

Тым часам у 2016 годзе, Годзе культуры, быў прыняты «Кодэкс аб культуры». З афіцыйных крыніц вядома, што ён не мае аналагаў у СНД. А ці трэба нам гэты кодэкс увогуле? Ці можа ён дапамагчы беларускай культуры займець росквіт? Ці трэба абмяжоўваць якую б там не было культурную дзейнасць прававымі рамкамі?

Ці багаты ў нас выбар

Трэба ўсведамляць, што культура не проста візітоўка пэўнай краіны. Зараз гэта яшчэ і так бы мовіць «грошы за адметнасць» і нават дзейсны інструмент у стратэгіі палітычнай барацьбы. І тут наўпрост няма асаблівага выбару: або нацыя сваёй культураю ўплывае на іншых, або спажывае чужое.

Самое популярное
Все публикации