Мнения

Як мы можам зарабіць на роднай мове

Сяржук Кійко | 10 декабря 2016 в 18:29

Ці ёсць пэўная карысць нашым грамадзянам кідацца з галавою ў беларусізацыю? Карысць вымяраецца па грашоваму прыбытку, а мова прама ўздзейнічае на культурны лад жыцця. Заробіць Беларусь ці згубіць ад такой культурнай трансфармацыі? У гэтым артыкуле я прапаную чытачу пакінуць у баку аксіёму, што вяртанне да ўсеагульнага ўжывання беларускай мовы — важная рэч для захавання нацыянальнай самасвядомасці, і паглядзець на камерцыйны бок яе выкарыстання.

Капейка рубель беражэ

Усім вядома, што ў шоў-бізнесе і медыйнай сферы варочаюцца дастаткова вялікія грошы. Гэта, канешне, не параўнальна, напрыклад, з нафтаздабычаю, але таксама можа даваць важкі прыбытак. Зразумела, што дзеля гэтага неабходна ствараць якасны і папулярны прадукт. Але гэта не ўсё. Беларусь сёння мае вельмі слабую культурную беларускамоўную прастору. А значыць амаль 10-ці мільённы рынак з адсутнасцю знешняй канкурэнцыі не працуе на поўную моц.

Шмат хто з таленавітых беларусаў бачаць сваю рэалізацыю толькі за мяжою, а здабыўшы там поспех, і не думаюць вяртацца на неперспектыўную радзіму. Яны там зарабляюць грошы і там іх рэалізуюць, там прасоўваюць праекты і плоцяць падаткі. Беларусь нічога з гэтага не мае і працягвае заставацца спажыўцом чужой індустрыі і сыравінай талентаў.

Пераход да беларускай мовы ў культурніцкіх сферах, падтрымка айчыннага мастацтва, маладых творчых калектываў і прадпрыемстваў маглі б даволі хутка даць станоўчыя эканамічныя вынікі ў гэтай галіне. Пры такіх умовах жыхары нашай краіны ўсё больш звярталі б увагу на свой беларускі прадукт, які б даволі хутка пачаў развівацца. Гэта непазбежна паменшыць попыт на замежную культурную індустрыю і паспрыяе стварэнню сваёй культурніцкай бізнес-прасторы.

Свая культурная прастора

Тут, на гэты момант, наўпрост атрымліваецца нейкае замкнёнае кола. Такімі пытаннямі, як пашырэнне ўжывання беларускай мовы і падтрымка айчынных культурніцкіх праектаў, павінна займацца перш за ўсё дзяржава. Адных грамадскіх ініцыятываў недастаткова. Гэта праца вялікіх высілкаў і значнага часу.

Па факце ж, у сучаснай Беларусі вельмі марудна ствараюцца свае праекты, з якіх шмат атрымліваюцца непаспяховымі. Маладым мастацкім дзеячам розных сфераў, нават таленавітым, цяжка прабіцца на нацыянальны ўзровень, а бывае іх дзейнасць увогуле «негалосна» забараняецца. Вялікая «культурная дзірка», якая атрымліваецца ў выніку, натуральна ці штучна закрываецца замежным кантэнтам.

Звычайны беларускі спажывец не бачыць па тэлебачанні і не чуе па радыё сучасных модных і актуальных беларускіх рок гуртоў, беларускага хіп хопа, якаснай поп музыкі. Але гэта не азначае, што іх зусім няма. Беларусь не мае свайго ўласнага музычнага тэлеканалу, адпаведна і музычнага гіт-параду нацыянальнага ўзроўню. Такія праекты спрабуюць стварацца прыватнымі арганізацыямі, але для шырокага кола грамадзян гэта застаецца невядомым.

Цікавую заўвагу на гэты конт выказаў у інтэрв’ю для музычнага парталу rap.by беларускі рэп-выканаўца Gleboki Smak:

«Якая эканоміка, такая і музычная індустрыя. У нас рынку няма. Шоў-бізнес адсутнічае наогул, калі не ўлічваць вычварэнцкія праекты нашых „прыгрэтых“ сілебрыці. Гэта дрэнна. З іншага боку, андэграўнд развіваецца актыўна, шмат таленавітых асобаў — гэта другі бок медалю становішча, у якім мы апынуліся. (…) Калі казаць пра рэп, вельмі хвалюе тое, што мы не можам выйсці на нацыянальны ўзровень. (…) Не засталося нам у спадчыну рускамоўных паэтаў, пісьменнікаў. У памяці народа засталіся такія творцы як Быкаў, Караткевіч, Мележ, Купала. У музыцы тое ж самае. Большая частка нашых рускамоўных артыстаў рана ці позна разумеюць, што яны знаходзяцца на адным полі з рускімі выканаўцамі, таму з’язджаюць у Маскву».

Яшчэ горшае становішча ў беларускай кінаіндустрыі. Беларускамоўнае кіно і пераагучка чамусьці сталі выключна прыватнай ініцыятываю. Кіно дзяржаўнай вытворчасці не мае папулярнасці. Можна прыпомніць цікавы выпадак, калі малады беларус Кірыл Нонг, пасля навучання ў ЗША, вярнуўся часова ў Беларусь і разам з сябрамі на звычайны фотаапарат зняў паўнавартасны баявік са стралянінаю, цікавым сюжэтам і пагоняй па мінскіх вуліцах. Кірыл выдаткаваў на здымкі троху больш за дзве тысячы даляраў і зняў кіно, якога не было ў Беларусі і якім нас не здзівіў вядомы «Беларусьфільм». Можна таксама ўспомніць сітуацыю з кіно «Вышэй за неба». Беларускамоўнае кіно дэбютавала на кінафестывалі ў Нью-Ёрку і атрымала прэстыжную прэмію у Маскве, а ў Беларусі нават не было і прэм’еры. Кіно моладзевае, актуальнае, з добрымі рэйтынгамі. Але колькі беларусаў пабачылі яго, акрамя тых, хто шукаў фільм у інтэрнэт-сеціве мэтанакіравана?

Выбор редакции

Тое самае можна назіраць у папулярным мастацтве, рэкламнай індустрыі, выдавецтве папулярных беларускіх часопісаў, кніг, перакладах сусветных пісьменнікаў і г. д.

Сфера камп’ютарных тэхналогій таксама трымаецца на прыватных вытворцах, але на беларускай мове амаль нічога не вырабляецца. Няўдалаю была спроба стварыць у Беларусі сваю сацыяльную сетку vseti.by.

Ёсць і пазітыўныя праекты, па прыкладзе «Славянскага базара» ці «Лістапада», але і там Беларусь слаба рэкламуе сваю культуру.

Зараз жа расійская інфармацыйная прастора займае пануючае становішча ў нашай краіне. Гэта тармозіць развіццё нацыянальных культурных праектаў, бо на рускім полі канкураваць з больш развітым і вялікім гульцом цяжка — гэта лагічна. І сумныя вынікі выразна бачныя, хоць Беларусь, як самастойная краіна, існуе ўжо больш за дваццаць год.

Калаж: Сяржук Кийко

Мова — працадаўца

Пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў нацыянальным бізнесе і стварэнне беларускамоўнай эканамічнай прасторы з цягам часу мелі б свае пазітыўныя вынікі.

Гэта, безумоўна, паставіць пэўныя ўмовы перад замежнымі прадпрыемствамі, прадаўцамі і інвестарамі дзеля выхаду на беларускі рынак. Галоўнай з такіх умоваў мусіць быць стварэнне комплекса лагістычных, навучальных і маніторынгавых эканамічных інстытутаў і рэкламных школаў, накіраваных на вывучэнне асаблівасцяў беларускага спажыўца і беларускай мовы.

Можна толькі ўявіць, колькі грошай замежным карпарацыям і розным фірмам прыйшлося б укладаць на пераклад інфармацыі пра свае тавары і паслугі на беларускую мову, а таксама на навучанне сваіх афіцыйных прадстаўнікоў і прадаўцоў беларускай мове. І гэтыя грошы пойдуць у Беларусь.

Распрацоўка рэкламы, брэндаў, слоганаў, розных піяр-падыходаў… Спіс можа быць вялікім. І гэта ўсё будзе тут, у Беларусі, і будзе працаваць на яе. А зараз наш рынак амаль цалкам расійскамоўны, а значыцца рэкі грошай на вышэйпералічаныя рэчы цякуць у суседнюю краіну, бо распрацоўкі для расійскага рынку як калька лажацца на наш. І канкураваць нашым вытворцам тут цяжка. Расійскі рынак непараўнальна значна вялікшы за наш, і замежныя інвестары свядома працуюць з ім, як з цэнтрам.

Таму ці можна аспрэчваць тое, што меры па беларусізацыі выглядаюць даволі перспектыўна? Асабліва з боку гледжання прыцягвання грошай і фармавання ўласнай рэкламнай і культурнай індустрыі. У перспектыве гэта можа даць новыя працоўныя месцы і прымусіць вытворцаў паважаць беларускага спажыўца.

Давайце падлічым

Сёння вы ўключыце тэлевізар ці магчыма радыё. А можа выкарыстаеце інтэрнэт. Падлічыце, колькі беларускамоўнага кантэнту вы пабачыце. Колькі сучасных і модных нацыянальных праграм ці талентаў вы адзначыце сваёй увагай? Падумайце, за чыю культуру вы мусіце плаціць свае грошы і каму ад таго карысць?

Самое популярное
Все публикации