Анатоль Жук: Слуцкі збройны чын чакае сваіх даследчыкаў

Сяргей Багдашыч, 3 декабря 2016 в 08:59
ПАМЯЦЬ І ГОНАР. Угодкі Слуцкага збройнага чыну адзначаюцца ў Слуцку штогод з пачатку 2000-х. У суботу, 26 лістапада, таксама адбыліся шэсце і мітынг у гонар слуцкіх паўстанцаў. Фота: Алесь Дастанка
  • Новые объявления
  • ГАРАЖ в ГК 7 (12 в/г), 4×9, свет, подвал, яма — 4000 руб. т.(8 029) 304 09 44

    ГАРАЖ в ГК «Виленский». т.(8 029) 621 47 00

    ГАРАЖ в ГК «Майский посад», 6.1×4.5 м, возле въезда. т.(8 029) 636 56 60

Слуцкі збройны чын 1920 года — падзея нашай гісторыі больш чым 90-гадовай даўніны — да гэтай пары выклікае спрэчкі і дыяметральна процілеглыя ацэнкі. Яго чарговая гадавіна, адзначаная на Случчыне шэсцем і мітынгам 26 лістапада 2016 года, стала падставай для бурнай дыскусіі на сайце газеты «Кур`ер».

Трэба прызнаць, што аргументацыя каментатараў базіравалася больш на эмоцыях і адвольнай трактоўцы нешматлікіх дайшоўшых да нас фактаў. Гэта дало падставу сустрэцца з Анатолем Жуком, случчанінам, аўтарам нядаўна выдадзенай у Мінску кнігі «1920 год на Случчыне».

Фота: Сяргей Багдашыч
Адразу агаваруся, што ў ходзе гутаркі быў зроблены акцэнт на прычынах такіх розных падыходаў да ацэнкі падзеі пад назвай «Слуцкі збройны чын». А заадно мы паспрабавалі высветліць, што ж адбылося на Случчыне ў лістападзе далёкага 1920 года.

— Сёння Слуцкі збройны чын разглядаецца даследчыкамі як мінімум з трох ацэначных пазіцый. Вы працавалі са шматлікімі дакумен­тамі і крыніцамі. Якая з іх бліжэй да ісціны?

— Пачну з таго, што падзеі 1920 года доўгі час замоўчвалі афіцыйныя савецкія гісторыкі і ўладныя структуры. Фактычна пра іх стала вядома шырокай грамадскасці не вельмі даўно, а дайшоўшых да нас дакументаў недастаткова, каб адназначна адказаць на многія пытанні. Да таго ж успрыняцце Слуцкага збройнага чыну паспела абрасці ідэалагічнымі ацэнкамі і штампамі.

Адны даследчыкі разглядаюць яго як антысавецкі мяцеж з элементамі бандытызму, другія бачаць у ім яўную польскую правакацыю, накіраваную супраць Савецкай Расіі, трэція лічаць, што гэта было праяўленне нацыянальна-дэмакратычнага руху з мэтай самавызначэння Беларусі.

Калі быць аб`ектыўным і абапірацца на дакументы, то ў падзеях на Случчыне яўна бачна антысавецкая накіраванасць — случчане да таго часу ўжо мелі ўяўленне, што такое харч­развёрстка, і жадання вярнуцца да яе ў іх не было.

Нельга не ўлічваць і польскі ўплыў. Акупацыйныя ўлады праводзілі агрэсіўную прапаганду, падштурхоўваючы насельніцтва Слуцкага павета да таго, каб яно выказалася за перадачу гэтай тэрыторыі Польшчы. Прыхільнікі руху ў гэтым напрамку таксама знайшліся.

З другога боку, значная частка случчан не ўспрымала ні савецкую, ні польскую ўладу: палякаў не хацелі, а бальшавікоў баяліся. Выразнікам такой пазіцыі быў Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны, разагнаны ў 1918 годзе бальшавікамі і аднавіўшы сваю дзейнасць пры паляках. Ён праводзіў разнастайную работу сярод насельніцтва павета, не выступаючы адкрыта супраць палякаў.

Нямала ўдзельнікаў тых падзей вагаліся, не маглі вызначыць, каго падтрымліваць, за кім ісці.

Усе гэтыя групы былі прадстаўлены на з`ездзе Случчыны, які прайшоў 14−15 лістапада 1920 года. Не было хіба толькі прадстаўнікоў бальшавікоў, бо павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт знаходзіўся ў Старых Дарогах. Выбраная на з`ездзе Беларуская рада Случчыны ў складзе 17 чалавек адлюстравала ўсе гэтыя погляды.

Забягаючы наперад, адзначу, што калі слуцкія падзеі дайшлі да актыўнай стадыі, то ў радах іх удзельнікаў з`явіліся і тыя, хто не супраць быў паправіць сваё матэрыяльнае становішча — вось вам і бандыцкі элемент. Але ён ні ў якім разе не быў пераважным.

— Тым не менш, нягледзячы на рознасць поглядаў, з`езд Случчыны змог выпрацаваць агульную пазіцыю.

— З`езд пасля бурных спрэчак прыняў адозву, у якой вітаў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і заявіў, што «ўсе свае сілы аддасць на адбудову сваёй Бацькаўшчыны. З’езд катэгарычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі… Мы, аддаючы справе адбудавання нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцця, зьвяртаемся да ўсяго свету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэньні нашай вайсковай сілы. Шчыра вітаем нашу сястру Польшчу». Гэты дакумент адназначна гаворыць пра тое, што з`езд Случчыны выбраў шлях незалежнасці Беларусі, вызначаны Беларускай Народнай Рэспублікай. Адмаўляць гэта немагчыма.

Іншая справа, што рознагалоссі паміж членамі Рады Случчыны нікуды не падзеліся. У яе скла­дзе былі беларускія эсэры, прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча і ідэі супрацоўніцтва з палякамі, а таксама прадстаўнікі нейтральных груп. Гэта ў многім растлумачвае маруднасць і няўзгодненасць дзеянняў Рады. Акрамя гэтага, былі недарэчнасці ва ўзаемаадносінах паміж афіцэрамі 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войскаў БНР і самой Радай Случчыны. Усё гэта, без сумнення, паскорыла паражэнне Слуцкага збройнага чыну.

Уяўляеце, як няпроста людзям было зрабіць свой выбар, бо гэта быў выбар паміж жыццём і смерцю. Але случчане вызначыліся, і іх выбар заслугоўвае павагі. Нельга наш сённяшні прагматызм або адукаванасць механічна прымяраць да думак і ўчынкаў людзей таго бурнага часу. Гэта прыводзіць да немінучых памылак.

— Бытуе думка, што ўзброенае выступленне было асуджана на паражэнне. Таму і не мела сэнсу ўздымацца на гэтую барацьбу…

— Гэта нам з пазіцыі сённяшняга дня ўсё ясна і зразумела. А ў тагачаснай грамадска-палітычнай абстаноўцы няпроста было разабрацца. Адсутнасць дакладнай інфармацыі яшчэ больш накаляла сітуацыю. Нават члены Рады Случчыны, ваенныя кіраўнікі не мелі поўнага ўяўлення аб рэальнай расстаноўцы сіл.

Немалую ролю адыграла паражэнне Чырвонай Арміі каля Варшавы і яе адступленне. Трэба памятаць і пра абяцанне палякаў аб усебаковай падтрымцы і дапамозе.

Верагодна, таму і жыла надзея на магчымы поспех. Уяўляеце, як няпроста лю­дзям было зрабіць свой выбар, бо гэта быў выбар паміж жыццём і смерцю. Але случчане вызначыліся, і іх выбар заслугоўвае павагі. Нельга наш сённяшні прагматызм або адукаванасць механічна прымяраць да думак і ўчынкаў людзей таго бурнага часу. Гэта прыводзіць да немінучых памылак.

— Ці можна адносна дакладна вызначыць колькасць удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну?

— Дакументы і крыніцы называюць розныя лічбы — ад адной да дзесяці тысяч чалавек. На мой погляд, абедзве крайнія лічбы не адпавядаюць сапраўднасці. Сапраўды, жадаючых уступіць у брыгаду было каля дзесяці тысяч чалавек. У рэальнасці колькасць актыўных удзельнікаў складала каля чатырох тысяч. Гэтая лічба пацвярджаецца некалькімі дакументамі, якім можна давяраць. Напрыклад, член вайсковага суда брыгады Аляксей Кабычкін успамінаў пазней, што «фактычна прыймалі ўдзел у збройным паўстаньні каля 3 500−4 000 паўстанцаў». Акрамя таго, наўрад ці Случчына змагла б забяспечыць усім неабходным большую колькасць людзей. Вядома, што зброі і абмундзіравання не хапала нават для чатырох тысяч чалавек.

— У чым заключаюцца асноўныя складанасці пры вывучэнні гісторыі Слуцкага збройнага чыну?

— Галоўная праблема — гэта адсутнасць дакументаў, якія маглі б праліць святло на асобныя пытанні, якія датычаць падзей 1920 года на Случчыне. Некаторым сведчанням і сцвярджэнням складана верыць, бо яны выклікаюць сумненні. Практычна няма дакладнай інфармацыі пра людскія страты з таго і другога боку ў час баявых дзеянняў у лістападзе — снежні 1920 года.

Складана гаварыць аб сацыяльным скла­дзе ўдзельнікаў узброенага выступлення, бо ў рукі даследчыкаў пакуль не трапілі поўныя спісы стральцоў і афіцэраў 1-й Слуцкай брыгады. У кнізе гісторыка Ніны Стужынскай называюцца 396 байцоў і афіцэраў. У сваёй кнізе я змог дапоўніць гэты спіс яшчэ на сорак прозвішчаў. За доўгія гады замоўчвання гэтай падзеі пайшлі з жыцця сведкі і іх сваякі, якія маглі б нешта праясніць.

Няма дакладнай інфар­ма­цыі і пра далейшы лёс удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну. Так, нямала іх было знішчана карнымі органамі савецкай улады. Але колькі? Колькі прайшлі папраўча-працоўныя лагеры і вярнуліся?

Няма пацвярджэння або канкрэтнай інфармацыі і па іншых пытаннях гэтай тэмы. Напрыклад, пра часці Чырвонай Арміі, сфарміраваныя з кітайцаў, якія ўдзельнічалі ў падаўленні Слуцкага збройнага чыну.

Упэўнены, што абавязкова з`явяцца новыя сур`ёзныя работы, прысвечаныя Слуцкаму збройнаму чыну. Магчыма, яны будуць напісаны на падставе знойдзеных новых дакументаў таго часу. Не выключана, што яны захоўваюцца ў беларускіх, расійскіх або польскіх архівах. Словам, тэма чакае сваіх даследчыкаў. Тое, што зроблена гісторыкамі і краязнаўцамі, гэта толькі подступы да больш сур`ёзнай работы.

Што датычыць саміх слуцкіх падзей 1920 года, спробы замоўчваць іх бесперспектыўныя, як бы каму гэта ні хацелася. Гэта наша гісторыя, да якой трэба падыходзіць узважана і з павагай. А кнігу «1920 год на Случчыне» можна набыць у мінскім магазіне «Акадэмкніга».

В тему:

Этот материал был опубликован на странице 6, 7 печатного номера газеты «Інфа-Кур’ер» №48 (826) от 1 декабря 2016 года.
Все публикации