Самиздат

Галоўным было не згінуць

Уладзімір Амяльчэня | 19 ноября 2016 в 09:01

Сустрэча журналіста з Таццянай Яфімаўнай Шпакоўскай адбылася пасля свята вёскі ў Чыжэвічах, на якім яна спявала перад аднавяскоўцамі.

СПЯВАЧКА З ЧЫЖЭВІЧАЎ. Таццяна Яфімаўна любіць корпацца на градках, назіраць, як працуюць пчолкі, і кіраваць унукамі і праўнукамі.Уладзімір Амяльчэня

«Умоўна маё жыццё можна падзяліць на тры перыяды: даваеннае, ваеннае і мірнае, — расказвае 92-гадовая жыхарка вёскі. — Галоўным было не згінуць, зарабіць кавалак хлеба.

Сталыя гады

Больш ціхім і шчас­лівым можна назваць жыццё ў сталыя гады. А першыя… Часам страшна ўспамінаць. Бацькі былі сялянамі, працавалі ў калгасе. Мяне малой дзяўчынкай мама вадзіла з сабою на працу. Але была адна бяда: страх, каб цябе не забралі.

Помню пратаірэя Іаана Панкратовіча, хата зусім недалёка ад нашай. Яго забралі ў Слуцк і там расстралялі. Царкву зак­ры­лі — так і засталася стаяць пустой.

Спачатку было ціха

Калі пачалася вайна, мне было пятнаццаць гадоў. У вёску прыйшлі немцы. Спачатку было ціха. Людзі гулялі вя­селлі, нараджаліся дзеці. Але хутка з’явіліся партызаны, а немцы пачалі хапаць людзей з вёскі.

Аднойчы схапілі не­калькі жанчын і адвезлі ў мястэчка Урэчча. Сярод іх была суседка Алена Бягун, у якой муж быў кадравы ваенны. Праз некалькі дзён яны ўсе вярнуліся. Помню, як смяяліся з сябе тады гэтыя жанчыны: „Я не адукаваная, ні літары, ні паўлітары не ведаю“, — гаварыла на допыце Алена Бягун.

Ноччу прыходзілі партызаны. Наша хата стаяла крайняй, таму нас не міналі. І ўсякі раз быў страх не памыліцца: гэта сапраўдныя партызаны ці пераапранутыя паліцаі.

Мой будучы муж быў связным з партызанамі. Таму часта ведалі, калі яны хаваліся ў пустой царкве.

Яшчэ запомніўся немец Рудольф. Ён часта прыходзіў на вячоркі, дзе збіралася моладзь, заглядваў на вяселлі і радзіны. Калі наступалі чырвонаармейцы, яго захапілі ў палон. Я сама не бачыла, але людзі казалі, што яго расстралялі.

Выбор редакции

Калійныя солі

Савецкая ўлада адразу пачала адраджэнне машынна-трактарнай станцыі ў суседняй вёсцы Кулакі. Я пайшла працаваць туды, а мой будучы муж пайшоў у Савецкую армію ваяваць далей. Працавала я сакратаром, бо ў мяне быў прыгожы почырк. Тут мяне навучылі быць рахункаводам, а пасля даручылі вазіць з банка грошы. Калі галоўны бухгалтар пайшоў на фронт, мяне назначылі замест яго.

Пасля з вайны вяр­­ну­ў­­­ся цяж­ка паранены мой будучы муж. І мы ажаніліся. Зусім блізка ад нашай хаты да гэтага часу геолагі сталі свідраваць у глыбіню на беразе рэчкі. Мы ўладкаваліся на працу да геолагаў. Помню, якая была радасць, калі падняты керн паказаў, што тут калійныя солі. Было гэта летам 1949 года. Шкада, муж пражыў нядоўга — памёр у 48 гадоў.

Тут будзе горад

Геолагі ад’ехалі, на­сту­піла зацішша. Толькі гадоў праз дзесяць неяк зусім нечакана наехала шмат машын. Везлі яны цэглу, цэмент, стапталі пшанічнае поле. „Вось тут будзе горад“, — казалі, але нам не верылася.

Калі адкрыўся доследны інстытут галургіі, я пай­шла працаваць лабаранткай. Працавала там да пенсіі. Расціла траіх дзяцей: двух сыноў і дачку. Адзін сын працаваў шахцёрам, яго ўжо няма. Другі сын працуе намеснікам генеральнага дырэктара па вытворчасці на „Беларуськаліі“. Дачка на пенсіі, працавала эканамістам.

Я сама простая, але, дзякуй Богу, дзеці і ўнукі з галовамі: маюць вышэйшую адукацыю. Унучка працуе архітэктарам, праўнучка вучыцца на тую ж спецыяльнасць. Унук атрымаў вышэйшую адукацыю ў Польшчы, шляхетны хлопец.

Цяпер я люблю корпацца на градках, глядзець, як працуюць пчолкі».

Таццяна Яфімаўна ўсміхнулася і дадала: «Жыццё праляцела. Цяпер кірую ўнукамі і праўнукамі».


«Пра песні ў вашым жыцці раскажыце», — папрасіў я.

«У маім жыцці спевы былі справай дадатковай. У маім родзе спявалі ўсе. Спевы — гэта Божая ўзнагарода чалавеку. Бывала, збяромся на печы і спяваем сям’ёю. Свёкар іграў на скрыпцы, я падпявала. Вось было радасці! Шкада, што дзеці не спяваюць».

Этот материал был опубликован на странице 28 печатного номера газеты «Інфа-Кур’ер» №46 (824) от 17 ноября 2016 года.
Самое популярное
Все публикации