Самиздат

Залатая восень бабы Тані

Уладзімір Дамель | 6 ноября 2016 в 09:00
Малюнак: Вера Шут

Ніколі баба Таня не бывае такой шчаслівай, як восенню. Як хвалілася сваёй суседцы, у гэты час яна жыве «поўным шчасцем», бо толькі з наступленнем восені са сталіцы прыязджаюць да яе зяць з дачкою ды ўнук са сваім сямействам.

Баба Таня жыве ў вёсцы даўно адна. Яе жаночае шчасце было нядоўгім. Замуж выйшла за суседскага Івана, на якого былі вялікія спадзяванні. Але вайна ў Афганістане ўсё парушыла.

Івана прызвалі ў армію як афіцэра запасу. Нядоўга ён там быў, вярнуўся дадому цяжка паранены. А сустракала Таццяна мужа ўжо з дачушкаю на руках. Але Іван хутка памёр ад раненняў.

Дзякуй Богу, дачушка расла прыгажуняй ды разумніцай. Пасля школы паступіла ў сталічны ўніверсітэт, стала інжы­не­рам-хімікам. Што яна хімічыць, Таццяна не цікавілася. Зяць патрапіўся інжынер з таго ж завода, дзе працавала дачка. Хоць і гарадскі, але не лайдак, да цешчы лагодны. Як прыедзе, дык толькі чуецца: «Мама, мама».

Таццяна з гадамі звыклася са сваім лёсам удавы, хоць і цяжка было: як вясна прыйдзе, агарод сеяць трэба. Пасля на дапамогу прыязджаў зяць. Але гады ішлі, а зяць на заводзе станавіўся ўсё большым начальнікам. Таму прыязджаць вясною яму выпадала ўсё радзей і радзей. Таццяна ў вёсцы не адна, людзі дапамагалі. На агародзе заўсёды расло поўна агуркоў, памідораў, цыбулі ды бульбы. Калі гэта пачынала пад­растаць, тады і зяць з’яўляўся ненадоўга. Усё казаў: «Справы завадскія не адпускаюць, вось трохі разгроб і вырваўся на дзянёк».

Таццяна і гэтаму бы­ла рада. Да­па­м­а­гала за­грузіць аўто ага­роднінай. Калі зяць ад’язджаў, абавязкова казаў «дзякуй» і дабаўляў: «Можа, хутка яшчэ вырвуся». І вырываўся з горада да той пары, пакуль не канчаліся цешчыны ласункі. Таццяна гэта стала разумець, але што можна было сказаць? «Няхай будзе так, — думала пра сябе. — Дзякуй Богу, працаваць здароўе дазваляе».

Да гэтага лета Таццяне яшчэ адно шчасце прываліла: ажаніўся ў сталіцы ўнук. Ды нечакана прывёз сваю жонку да бабулі знаёміцца. «Сумна табе цяпер не будзе, — запэўніў бабулю ўнук. — Будзем прыязджаць да цябе, толькі больш расці памідораў ды клубніц. Бо што гэта за дача, калі няма такой смакаты?» З радасці Таццяна запэўніла, што ўсё гэта будзе, толькі каб не забывалі прыязджаць. У адказ новая ўнучка нагадала бабулі, што прыехаць да яе каштуе дорага. Але бабу Таню гэта не напужала: «Пенсію прыносіць паштальёнка рэгулярна, на бензін хопіць».

З таго дня баба Таня да сваіх яблычкаў, бульбы ды памідорчыкаў дакладала і грошыкі. «А навошта іх збіраць? Саліць і квасіць, як памідоры ці капусту, не будзеш. Схаваеш „на чорны дзень“, дык мышы згрызуць, як у Сілівоніхі. Лепей аддам». Праўда, як прыходзіла ў вёску аўталаўка, не стала браць каўбасу, абыходзілася кавалачкам сала.

Хоць лета было засуш­лівым, але баба Таня старалася паліваць агарод. Зусім недалёка канал з вадою. Возьме два вядзерцы ды прынясе. Гэта вельмі проста, як дзеля здароўя зай­мацца спортам. Старанні яе не зніклі. Клубніцы выраслі вялікія і салодкія, унучка нават пахваліла. А якія раслі памідоры! Гарачае сонца налівала іх чырвоным сокам прама ўвідавочку.

Кожную суботу да бабы Тані сталі прыязджаць на сваіх машынах зяць з унукам, беражна зды­ма­лі кожны памідор, уклад­валі ў вялікія кардонныя скрынкі. Часнок таксама ёй не давялося збіраць — выбралі госці. Вядома, і бульбу бралі. Калі памідоры сталі адыходзіць, дружна сабралі апошнія і пасалілі ў дзве вялікія каструлі. «Прыедзем, як укіснуць», — сказалі зяць з унукам.

Вось наступіла залатая восень. Стукнулі нечакана першыя начныя замаразкі. Гэта падказвала, што трэба ўбіраць з агарода капусту. Зноў прыехалі са сталіцы госці. Капусту зрэзалі, пачысцілі і наклалі дзве бочкі. Памідоры кіслыя забралі разам з каструлямі. Смачнымі яны ўдаліся, бо паспытаўшы, унучка хваліла.

Ад’язджаючы, зяць абняў, пацалаваў Таццяну і сказаў: «Беражыце сябе, мама. Як не стане вас, нам не будзе да каго прыехаць». Развітваючыся з унукам і ўнучкай, сунула той у руку ўсяго трыста тысяч на бензін.

Выбор редакции

Сёння ў хаце Таццяны ціха. Але яна ведае, што прыйдзе той дзень, калі прыедуць забіраць капусту. Тады ў хаце зноў будзе радасць і шчасце.

Этот материал был опубликован на странице 28 печатного номера газеты «Інфа-Кур’ер» №44 (822) от 3 ноября 2016 года.
Самое популярное
Все публикации