Судьбы

Дзям’янава юшка

Уладзімір Дамель | 19 июня 2016 в 08:41
ВЯЛІКАЯ СЯМ’Я. Дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі Дзям’яна па сямейнай традыцыі штогод збіраюцца разам.
ВЯЛІКАЯ СЯМ’Я. Дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі Дзям’яна па сямейнай традыцыі штогод збіраюцца разам. Фота: Уладзімір Дамель

Жыў чалавек, сярод іншых нічым не вызна­чаў­ся. Гадаваў васьмярых дзяцей. Ужо даўно няма яго на свеце, а памяць аб ім жы­ве ў дзецях, унуках, праўнуках і пра­праўнуках. Імя гэтаму чалавеку Дзям’ян.

Як мноства іншых аднавяскоўцаў, Дзям’ян меў сваю вулічную мянушку — Бэрка. Таму і дзяцей звалі «сын Дзям’яна Бэркі» або «дачка Дзям’яна Бэркі». Мянушка гэта прыліпла да яго за сяброўства з местачковымі яўрэямі і нікому з дзяцей не шкодзіла. Праўда, унукі, калі да іх так звярталіся, дзівіліся, бо яўрэяў у мястэчку даўно не стала.

Сярод сваіх аднавяскоў­цаў сям’я Дзям’яна вызначалася ўзаема­дапамогай. Прайшло трыццаць пяць гадоў, як не стала Дзям’яна, а ўзаемасувязь яго нашчадкаў жыве, перадаецца новаму пакаленню. Штогод яны збіраюцца то ў яго хаце, якая зберагаецца як музейная каштоўнасць, то ў каго-небудзь з нашчадкаў.
У гэтым годзе сабраліся на дачы ўнучкі Галі, якая жыве ў Мінску, а дачу трымае ў Капыльскім раёне. Ехалі амаль з усіх рэгіёнаў Беларусі, з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казахстана, Германіі. Віншавальныя паштоўкі прыйшлі з Кітая, Балгарыі. Вось так па свеце разы­шліся яго нашчадкі.

Калі за юшкай унук Віктар (ён даўно на пенсіі) спытаўся ў дзядзькі Вало­дзі (яму пайшоў дзявяты дзясятак гадоў), адкуль у дзеда мянушка Бэрка, той расказаў такую гісторыю: «Жылі мы ў вёсцы Лескі, што недалёка ад мястэчка Урэчча. У гаспадарцы была карова. Калі маці ішла даіць яе, то адрэзвала скібачку хлеба, змачвала вадою і пасыпала соллю. Гэта падарунак карове за малако. Я ішоў за маці ў хлеў, каб слухаць музыку цурак, што вызваньвалі аб даёнку. А музыка была цудоўная і сёння гучыць у маёй памя­ці.

Але ў час нямецкай акупацыі дзяцей ў хлеў перасталі пускаць, забаранялася гуляць і вакол хлява. Даіць карову мама ішла з гаршчочкам супу, які хавала пад світкай. Я дзівіўся, што карову кормяць супам.

Пасля вайны лёс звёў мяне з адным пажылым яўрэем. Ён спытаў мяне: „Ты сын Дзям’яна Бэркі?“ Я здзіўлена адказаў: „Я сын Дзям’яна Бэркі“. Яўрэй дзень хадзіў і паўтараў: „Сын Дзям’яна Бэркі!“. Тады я даведаўся, што мама насіла суп не карове, а гэтаму яўрэю. Вось такая была дружба Дзям’яна з яўрэямі, дзеля якой ён рызыкаваў жыццём сваім і сваёй сям’і».

Праз усё яго жыццё прайшлі адна за другой войны: маладым салдатам ваяваў у Афганістане ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя. Пра гэту вайну нам невядома. Пасля была вайна 1939 года на Заха­дзе (Польшча, Фінляндыя), потым Вялікая Айчынная вайна, з якой Дзям’ян вярнуўся цяжка паранены.
За юшкай унукі і ўнучкі расказвалі гісторыі з успамінаў пра дзеда, а прапраўнукі слухалі. Так памяць аб ім перадавалася новаму пакаленню.

Чаму збіраюцца на юшку, прысвечаную памяці дзеда? Старэйшыя з роду памятаюць, што дзед быў доб­рым рыбаком, толькі рыбу лавіў зімою, бо летам не бавіў час за гэтай забавай.

НАШЧАДКІ. На сямейных з’ездах памяць аб Дзям’яне перадаецца з пакалення ў пакаленне.Уладзімір Дамель
Фота: Уладзімір Дамель
Этот материал был опубликован в печатном номере газеты «Інфа-Кур’ер» №24 (802) от 16 июня 2016 года.
Самое популярное
Все публикации